Творчы чалавек, багаты на пачуццi — Галіна Яўсеенка

На свеце няма нічога больш цікавага, чым жывы чалавек – з яго думкамі, пачуццямі, перажываннямі. А калі гэта чалавек творчага складу, то вам пашчасціла ўдвая.

Вось і мне пашанцавала на жыццёвым і творчым шляху сустрэцца з чалавекам таленавітым, шчодрым на пачуцці, адкрытым да свету і людзей, улюблёным у жыццё. Гэта Галіна Мікалаеўна Яўсеенка.

Пад уражаннем знаёмства і размовы з гэтай жанчынай у свой час я напісала і размясціла ў раённай газеце артыкул “Прыцягненне малой радзімы”. Ён распавядаў пра яе лёс, пра продкаў, пра колішні быт жыцця, пра мясціны Краснапольшчыны, звязаныя з гісторыяй яе роду. Нехта з вас адразу ўспомніць прозвішча Яўсеенка, як і артыкулы за гэтым подпісам, бо шмат гадоў Галіна Мікалаеўна працавала ў рэдакцыі нашай “раёнкі”.

Іншыя ўспомняць яе вершаваныя радкі, надрукаваныя ў той жа газеце “Чырвоны сцяг”, або ў момант, калі яны гучалі з яе вуснаў падчас творчых сустрэч у Краснапольскім РЦК. А трапляла і трапляе на такія сустрэчы гераіня майго паведамлення ў якасці мясцовага паэта-аматара, бо з 2017 года з’яўляецца членам аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак”. 

У 2021 годзе я, як кіраўнік аб’яднання, выдала брашуры рознага фармату з вершамі Галіны Яўсеенка. На старонках выдання можна адшукаць нямала пранікнёных радкоў, прысвечаных малой радзіме, яе прыродзе, галоўнаму чалавечаму пачуццю – каханню і іншым перажыванням і думкам чалавека.

Яе паэзія, як і жыццё, багатая на ўспаміны, на памятныя мясціны, якімі жанчына даражыць і не хоча, каб памяць аб мінулым была страчана.

“Туманы разгоніць цёплы вецер,
Прывядуць сцяжынкі нас туды,
Дзе вятры калышуць ціха вецце,
Дзе не рвецца памяць праз гады.”

А гадоў за плячыма Галіны Мікалаеўны ўжо нямала. 18 верасня 2022 года ёй споўнілася 75 гадоў. Думаю, нямала краснапальчан далучыцца да маіх слоў віншавання ў адрас нашай зямлячкі. Шчасця Вам і здароўя, новых дасягненняў у творчасці, радасных хвілін, а побач – шмат родных і добрых людзей, паважаная Галіна Мікалаеўна! З юбілеем!

В. МАРЧАНКА.
Фота Дзіны МАНЬКО.

Поделиться с друзьями
362 просмотров
Беларуская мова繁體中文EnglishDeutschРусский