З іменем героя на добрыя справы. Да 100-годдзя з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза М.М. Антонава

Гісторыя – найважнейшае багацце краіны, адлюстраванне мінулага яго народа, фундамент для развіцця будучых пакаленняў. У кожнага народа ёсць свае героі. І памяць аб іх жыве не толькі ў фотаздымках і кінастужках, абелісках і брацкіх магілах, але і ў душы кожнага беларуса, удзячнага нашчадка сваіх продкаў.

Выхаванне вучнёўскай молодзі – працэс паступовы, складаны. Калі педагога і вучняў аб’ядноўвае агульная мэта – захаванне гістарычнай памяці дзеля будучыні – то ўсё немагчымае становіцца дасягальным.

Піянерская дружына нашай установы адукацыі “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія” носіць імя ў гонар Героя Савецкага Саюза – Міхаіла Маісеевіча Антонава. Ён адзін з сямі героеў Краснапольшчыны.

М.М. Антонаў загінуў падчас вызвалення горада Арла ў 1943 годзе. Школа ў пасёлку гарадскога тыпу Колпны таксама носіць яго імя. У прошлым годзе, у Дзень яднання Беларусі і Расіі, актыў піянерскай дружыны звязаўся з вучнямі гэтай школы па відэасувязі: адбыўся тэлемост “Адзін лёс, дзве краіны”. Дзякуючы гэтай падзеі ў нас з’явіліся апошнія фотаздымкі магілы нашага героя, новыя сябры.

З мэтай знаёмства малодшых гімназістаў-акцябрат з асобай героя, яго подзвігам выкарыстоўваюцца квэсты, конкурсы, гульнявыя праграмы. Піянеры сярэдніх класаў прымаюць удзел у тэматычных квізах, інфакіёсках. Вучні  старэйшых класаў – удзельнікі дыялогавых пляцовак, святочных збораў.

Разам педагогі і гімназісты складаюць летапіс жыцця і подзвігу героя. Уся набытая і зафіксаваная інфармацыя будзе адлюстравана ў піянерскім праекце “Вандроўка ў гісторыю: подзвіг героя будзе жыць вечна”.

11 сакавіка 2023 года  піянерская дружына і ўся наша гімназія з радасцю адзначыла 100-годдзе з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза М.М. Антонава.

У гэты дзень ва ўстанове адукацыі прайшоў святочны піянерскі збор “Героі жывуць вечна”. Напярэдадні – выстава малюнкаў акцябрат “Подзвіг героя”, флэшмоб “Мы – нашчадкі героя”, акцыя “Міру – мір!”, дыялогавая пляцоўка “М.М. Антонаву – 100!” і іншыя.

Дэвіз нашых піянераў: “З іменем героя на добрыя справы”. Вынікам іх дзейнасці з’яўляюцца дыпломы і граматы раённага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў.

Байцы студэнцкага сельскагаспадарчага атрада “Патрыёты” імя М.М. Антонава ўжо трэці год запар – пераможцы раённага “Працоўнага семестра”.

Гімназісты-валанцёры валанцёрскага экалагічнага атрада “Прырода пад аховай” дапамагаюць зберагаць прыродныя багацці, ратаваць ад смецця прыроду малой радзімы (экалагічныя акцыі, рэйды, дэсанты, суботнікі).

Валанцёры атрада сацыяльнага профілю арганізоўваюць і праводзяць дабрачынныя мерапрыемствы з ветэранамі працы, састарэлымі і адзінокімі людзьмі, дзецьмі-інвалідамі, акцябратамі (акцыі, сустрэчы, віншаванні, квесты, флэшмобы, батлы).

Вельмі добра, што ў нашай гімназіі працуе сваячка героя: настаўніца хіміі Н.Р. Траянава. Яна заўсёды прымае ўдзел у святочных піянерскіх зборах, расказвае гімназістам пра маці героя, яго сваяках.

А яшчэ Наталля Рэмаальдаўна жадае молодзі поспехаў у рэалізацыі іх добрых спраў у гонар светлай памяці М.М. Антонава.Такі “жывы” дыялог станоўча ўплывае на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне маладога пакалення.

Героі не паміраюць… Яны жывуць вечна ў памяці ўдзячных нашчадкаў, іх добрых справах,  дзеля  захавання гістарычнай памяці, міру і дабрыні.

Так трэба рабіць! І гэтаму патрэбна вучыць!

Д. Кустаў,
педагог-арганізатар УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія”.

Поделиться с друзьями
673 просмотров