З любоўю да роднага слова i песнi

Народны фальклорны ансабль “Горскія харашухі” (кіраўнік Валянціна Марчанка) Горскага СДК ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці VII рэгіянальнага фестывалю паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг”, які традыцыйна раз у два гады праходзіць на радзіме паэта Алеся Пісьмянкова ў горадзе Касцюковічы.

У праграму адкрыцця пад назвай “Мы, беларусы, – людзі працы, людзі міру” увайшлі прэзентацыі вершаў А. Пісьмянкова “Сейбіт”, “Касец”, “Я зведаў нямала дарог”, “Пчаляр”, “Ляснік”, “Кузнец”. Прэзентацыі адбываліся праз чытанне вершаў артыстамі тэатра, прадстаўленне персанажаў з гэтых твораў у выглядзе драўляных скульптур, якія былі створаны да фестывалю майстрамі з розных раёнаў Магілёўшчыны, і праз сцэнічныя замалёўкі творчымі калектывамі ў выглядзе песень, харэаграфічных кампазіцый, абрадавых дзей і інш.

Да верша “Я зведаў нямала дарог” была зроблена драўляная скульптура “Жняя”, а народны фальклорны ансамбль “Горскія харашухі” разам з аматарами творчасці РЦК “ажыўляў” скульптуру фальклорнай замалёўкай “Зажынкі”, ішоў “дарогай праз жыта”, па якой “бяжыць басанож” памяць паэта Алеся Пісьмянкова.

“Я зведаў нямала дарог
І ўсе палюбіў іх нібыта.
Але без адной бы не змог –
Дарогі праз жыта”, – такія радкі пакінуў паэт.

А вось ляціць у паветры водгук спявачак, улюблёных у вусную народную творчасць:
“Жыцечка яравое, полюшка палявое,
Іду я дарогай, пушчу голас дубровай, гу-у-у”.

Твор паэта і аўтэнтычны фальклор “Горскіх харашух” аб’ядноўвалі чысціня, настальгічнасць, духоўнасць. Менавіта такімі якасцямі валодаюць вершы паэта і фальклорная спадчына нашага народа.

Свае паэтычныя радкі ўлілі ў гэта святочнае паэтычнае рэчышча і члены народнага аматарскага паэтычнага аб’яднання “Світанак” (кіраўнік Валянціна Марчанка) Краснапольскага РЦК ДУК “Краснапольскага раёна”.

Сярод твораў, што ўвайшлі ў праграму, – вершы Святланы Сазонавай “Сны о войне”, “Два сэрцы”, Дзіны Манько – “Жди меня”, Валянціны Марчанка – “Не смейте Память хоронить”, “Светлы мір, як цябе не парушыць”, “Беларусь мая”, “З душы Радзіма пачынаецца”, “Я Радзіме падстаўлю плячо”, “Беларусы будуць жыць”, “Ты – краіна стварэння і міру” і іншыя.

У састаў творчай групы ўвайшлі чытальнікі вершаў і самі аўтары – Ганна Снытка, Павел Выганны, Святлана Сазонава, Валянціна Марчанка.

Пабываць на рэгіянальным фестывалі паэзіі і аўтарскай песні “Пісьмянкоў луг” у горадзе Касцюковічы Магілёўскай вобласці, нібыта глытнуць чыстай вады, назва якой – паэтычнае слова. А яно гучала, лілося з кожнай пляцоўкі – вялікай ці малой.

В. МАРЧАНКА.

Поделиться с друзьями
709 просмотров