Яго прынцып: «Рабі як я». Аляксандр Арлоў

Краснапольшчына багатая людзьмі, якія ўславілі свой раён у розных сферах дзейнасці. Адзін з іх – Аляксандр Арлоў, ураджэнец в. Пачапы.

Аляксандр Захаравіч паспяхова скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, дзе атрымаў спецыяльнасць вучонага агранома­эканаміста. З 1964 года 20 гадоў працаваў у калгасе «Камінтэрн» старшынёй.

За час яго кіраўніцтва гаспадаркай быў узнагароджаны двума Ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалём «За доблесную працу» да 100-­годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна. Пра гэта згадваецца ў кнізе Л.В. Лабаноўскага «Краснапольская хроніка».

Вынікі па росце вытворчасці ў раёне наступныя: сярэдняя ўраджайнасць у калгасах і саўгасах склала 19,5 цэнтнера з гектара. Самыя высокія паказчыкі былі ў калгасе Камінтэрн", дзе сярэдняя ўраджайнасць склала 25,6 цэнтнера (кастрычнік 1974 года).

Стваральная праца і якасць – вось што было ў прыярытэце ў часы Савецкага Саюза. А Аляксандр Арлоў заўсёды працаваў на вынік. Ягоны паплечнік і таварыш Міхаіл Навуменка прыгадвае: «Я знаёмы з Аляксандрам Захаравічам з 1971 года. Гаспадарка, якой ён кіраваў, была адной з лепшых у раёне. Па асобных культурах, відах жывёлагадоўчай прадукцыі «Камінтэрн» заўсёды даваў самыя высокія паказчыкі».

У калгасе «Камінтэрн» у брыгадзе Гудымава (вёска Пачапы) атрыманы ўраджай грэчкі па 18,2 цэнтнера з гектара. Трынаццаць лепшых грэчкаводаў калгаса сталі ўдзельнікамі ВДНГ у Маскве. А Фёдара Цітавіча Шынкарова і Васіля Мікітавіча Маскалёва выставачны камітэт узнагародзіў бронзавымі медалямі. Гаспадарка атрымала Дыплом 2­-й ступені (верасень 1969 года).

Аляксандр Захаравіч заўсёды падыходзіў да сваёй справы свядома і прытрымліваўся адзінага прынцыпу: «Рабі як я». «Ён спецыяліст з вялікай літары. Праводзіў аналіз працы калгаса на раённым узроўні, параўноўваў з дзейнасцю калгасаў у іншых раёнах, куды ездзілі для абмену вопытам. Ён усё гэта выкарыстоўваў для выпрацоўкі новых ідэй і ажыццяўлення іх на практыцы: ствараў уласную стратэгію і працаваў на вынік», – дзеліцца меркаваннем Міхаіл Навуменка.

Аляксандр Арлоў паказваў прыклад для пераймання не толькі ў адносінах да працы, але і ў сямейным жыцці, у зносінах з  людзьмі.

Ягоны сын Сяргей Арлоў узгадвае бацьку з павагай: «Ён быў выдатным бацькам і адказным сем'янінам, і проста добрым чалавекам. У нашай сям'і было 6 дзяцей (3 сыны і 3 дачкі), і кожнаму надавалася належная ўвага. Вучыў з павагай ставіцца да людзей, быць працавітым і выконваць свае абавязкі сумленна».

Пасля працы ў сельскай гаспадарцы Аляксандр Захаравіч  займаў пасаду намесніка старшыні райвыканкама, займаўся дэпутацкай грамадскай дзейнасцю.

Валавы збор зерня ў гаспадарках раёна склаў 21,5 тысячы тонн, сярэдні ўраджай збожжавых – 16,3 цэнтнера, а ў калгасе імя Валадарскага – 22,1 цэнтнера, калгасе “Крэмль” – 20,4, калгасе “Камінтэрн” – 25 цэнтнераў з кожнага гектара. Асобныя паляводчыя брыгады гэтага калгаса мелі яшчэ лепшыя вынікі: у брыгадзе № 6 (брыгадзір Д. Арлоў) на 198-гектарнай плошчы атрымана збожжавых па 26,5 цэнтера з гектара. У брыгадзе №1 (брыгадзір У. Модулеў) ураджайнасць ячменю на плошчы 30 гектараў склала 42 цэнтнеры (1971 год).

Развіццё сельскай гаспадаркі ў раёне заўсёды было і застаецца ў прыярытэце. Калі параўнаць савецкія часы і нашы дні, то зараз аграрыі Краснапольшчыны таксама дасягаюць пэўных вынікаў. Тэмп валавой прадукцыі ў 2023 го­дзе да ўзроўню мінулага года ў раслінаводстве склаў 114%, у жывёлагадоўлі – 117%. Быў сабраны нядрэнны ўраджай рап­су – 2200 тон і кукурузы – 2100 тон, а агульная вага каравая 2023 года склала 21420 тон. Тэмпы правядзення сельскагаспадарчых работ таксама на вышыні: мы першымі ў вобласці скончылі ўборку кукурузы і на сілас, і на зерне. Адны з першых пасеялі рапс і азімыя збожжавыя.

Як бачым, ёсць выдатная пераемнасць: падтрымліваць традыцыі папярэдніх пакаленняў, калі яны накіраваны на развіццё, паляпшэнне жыцця людзей.

Гэта добрая магчымасць абмену вопытам на гістарычным узроўні, вызначэння прыярытэтаў, правераных часам: адказная праца і якасць.

Аб гэтым сведчыць і аб'яўлены ў Беларусі Год якасці.

«Перажыўшы разруху 90-­х, нам няпроста было зберагчы створаныя працай савецкіх людзей стандарты якасці, але мы гэта змаглі зрабіць», – заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб асноўных напрамках работы па ўдасканаленню якасці ў 2024 годзе. – У Беларусі сфарміраваны  імідж пераемніцы лепшых савецкіх дасягненняў. І тое, як беларусы спраўляюцца з сучаснымі выклікамі, дэманструе разумнасць і дальнабачнасць выбару народа», – адзначыў лідэр краіны.

Падрыхтавала Аляксандра Амельчанка.
Фото з архіву.

Поделиться с друзьями
73 просмотров