Народный ансамбль «Шчадрэц» — мир тепла и уважения к народной песне

Народный ансамбль народной песни «Шчадрэц» Краснопольского районного Центра культуры в 2024 году празднует свой юбилей 30 лет. Коллектив создан в 1994 году под руководством Александра Степановича Костенко, хормейстера Центра культуры и отдыха. Сейчас ансамбль является ведущим коллективом района, который долгое время сохраняет традиции белорусской народной песни и передает их подрастающему поколению.

Хто быў ля вытокаў, і чаму з’явілася такая назва?

З фальклорнай группы хору работнікаў культуры, вылучыўся самастойны ансамбль “Шчадрэц”. Першымі ўдзельнікамі ансамбля сталі: Валянціна Каралёва, Галіна Саламонава, Надзея Разгонава, Міхаіл Пугачоў, Юрый Падалякін, Андрэй Сцяпанаў. Аранжыроўкі для акампаніруючай группы ў складзе: Уладзіміра Фралкова (баян, бас-­балалайка), Сяргея Ляўковіча (флейта), Людмілы Заслонка (баян), Валерыя Ікана (баян), Аляксандра Паплыка (барабан), Аляксандра Кастэнка (баян, скрыпка), пісаў Аляксандр Сцяпанавіч Кастэнка.

Усіх іх аб’ядноўвала любоў да  роднага краю, да народнай песні, музыкі і танцаў. Як чалавек не можа жыць без імя, так і калектыў не можа не мець уласнай назвы.

Назва “Шчадрэц” з’явілася па некалькіх прычынах. Па­-першае, час стварэння калектыву супаў са святкаваннем Каляд, а, як вядома, самы вясёлы і прыгожы калядны звычай – гэта Шчадраванне. Па­-другое, у час выступлення са ўсёй шчодрасцю душы ансамбль дарыў слухачам народныя песні.

Творчая дзейнасць

У маі 2000 года рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ансамблю прысвоена найменне “народны самадзейны калектыў”, якое ён кожныя тры гады пацвярджае.

На працягу існавання калектыву мяняўся састаў удзельнікаў, абнаўляўся рэпертуар. З 2012 года кіраўніком ансамбля з’яўляецца Алена Трафімава. Пад яе кіраўніцтвам ансамбль атрымаў другое дыханне, папоўніўся маладымі, таленавітымі ўдзельнікамі.

Зараз у  склад удзельнікаў народнага ансамбля ўваходзіць 11 чалавек: Вольга Саранкова, Вольга Шаршнёва, Вераніка Юркіна, Ганна Снытка, Алена Качанава, Ірына Нікіціна, Аліна Арлоўская, Юрый Падалякін, Кірыл Чалпанаў, Алена Раманенка, Наталля Марковіч.

“Гэта выдатныя творчыя людзі, у якіх ёсць, чаму павучыцца. Кожны па­свойму таленавіты і непаўторны. Гэта людзі, якія, нягледзячы на сваю занятасць у працы, знаходзяць час для выканання любімых народных песен і дораць свой настрой гледачу”, – вось так адклікаецца кіраўнік народнага ансамбля Алена Аляксандраўна пра свой калектыў.

“Шчадрэц” – гэта каманда сапраўдных прафесіяналаў. Таму ансамбль не ўступае сваёй харызмай і талентам прафесіянальным калектывам.

“У свеце культуры і мастацтва “Шчадрэц” – гэта таленавіты творчы калектыў, які з’яўляецца візітнай карткай Краснапольскага раёна, але для нас “Шчадрэц” – гэта сапраўдная сям’я!”, – словы, якія ад шчырага сэрца выказвае ўдзельніца народнага ансамбля Вераніка Юркіна.

Над чым працуюць, і планы на будучыню

У рэпертуары ансамбля налічваецца 99 музычных твораў, большая частка з іх – народныя. Зараз калектыў працуе над беларускімі народнымі песнямі “Звіняць цымбалы”, “А ў лесе грыбы зарадзілі”, “Танчым – спяваем”.

Як бачым, калектыў не спыняецца на дасягнутым і пастаянна працуе над сваім выканальніцкім майстэрствам, беражліва адносіцца да народнай песні і яе вытокаў. У планах ансамбля больш актыўна прымаць удзел у рэспубліканскіх, абласных мерапрыемствах і святах. Пабываць з выступленнямі ў кутках, дзе яшчэ не знаёмы з творчасцю “Шчадраца”. А яшчэ – набыццё канцэртных касцюмаў, папаўненне калектыву новымі ўдзельнікамі, асабліва мужчынскімі галасамі.

Меркаванні ўдзельнікаў

Любоў да народнай песні і творчасці аб'яднала ўдзельнікаў ансамбля. Але што ж значыць для іх народная песня і ўдзел у калектыве, даведаліся з першых вуснаў.

Алена Трафімава, кіраўнік калектыву:

– Часцінка маёй душы. Любоў да народнай песні прышчапіла мне мама, а ёй – яе мама. Таму я лічу, што беларуская народная песня – гэта сапраўдны скарб культуры нашага народа. Яна перадае духоўную і культурную гісторыю Беларусі, яе народныя звычаі і традыцыі. Песні ўвасабляюць нашы радасці і смутак, мары і пакуты, любоў да ўсяго навакольнага – усё тое, чым жылі нашы продкі.

Юрый Падалякін:

– Гэта нават не хобі, гэта частка майго жыцця. У калектыве – з 19 гадоў. Я стаяў ля вытокаў, і па сённяшні дзень працягваем разам наш творчы шлях. З цягам часу паднімаюцца патрабаванні да выканальніцкага майстэрства. Прыемна, што калектыў развіваецца, а народная песня жыве. Мы імкнёмся да захавання традыцый краснапольскай зямлі. Ёсць задумка выконваць народныя песні, якія нарадзіліся менавіта тут. У іх свой стыль, свой каларыт.

Кірыл Чалпанаў:

– Я адчуваю гонар. Для мяне гэта магчымасць адчуць часцінку таго часу, калі нашы продкі апісвалі свае жыццёвыя сітуацыі ў песнях. Яны вучаць нас мудрасці жыцця. У сучасным свеце мала маладых людзей, якія выконваюць народныя песні. А яны ж з усёй душой даносяць слухачам іх самабытнасць і каларыт.

Таццяна Астапенка, акампаніатар:

– Прыемна бачыць на тварах гледачоў шчаслівыя ўсмешкі, якія выпраменьваюць радасць і падзяку за нашу творчасць. Народная песня жыве, і яна не забытая. Прафесіяналізм, яркія выступленні, разнастайнасць рэпертуару – адметная рыса калектыву. Крапатлівая рэпетыцыйная праца, пастаяннае імкненне да дасканаласці дазволілі дамагчыся нам высокага мастацкага выканання.

Вольга Саранкова:

– Сама я родам з Забайкалля. З 7 класа наведвала гурток народнай песні. У 2001 годзе пераехала ў Краснаполле, і мне прапанавалі стаць удзельніцай народнага ансамбля народнай песні «Шчадрэц». Улічваючы свой мінулы вопыт, вядома, я пагадзілася. Народная песня дазваляе запазычыць веды аб самабытнай культуры народа. Як яны жылі, у што верылі, чым займаліся.

Аляксандра Амельчанка. Фота аўтара.

Поделиться с друзьями
46 просмотров