Тамара Жэбіна – лаўрэат прэміі імя Аляксея Пысіна

У бягучым годзе раённым выканаўчым камітэтам заснавана спецыяльная прэмія імя нашага славутага земляка паэта Аляксея Васільевіча Пысіна.

Прысуджаецца такая прэмія дзеячам культуры, мастацтва, літаратуры, адукацыі, прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі, якія пражываюць у нашым раёне і сваёй плённай творчай працай унеслі значны ўклад у папулярызацыю беларускай мовы.

Першым лаўрэатам спецыяльнай прэміі Краснапольскага раённага выканаўчага камітэта імя А. Пысіна стала жыхарка вёскі Сідараўка Тамара Вітальеўна Жэбіна.

Аднавяскоўцы, жыхары навакольных вёсак Сідараўскага сельскага Савета і многія краснапальчане ведаюць гэтую таленавітую жанчыну не толькі як добрую суседку ці заўзятую працаўніцу, але як чалавека творчага, узнёслага і акрыленага жаданнем несці радасць паэтычнай творчасці і празаічнага радка людзям.

Як прыпамінае Тамара Вітальеўна, упершыню вершаваныя словы пачалі складвацца ў радкі гадоў у трыццаць пяць. Менавіта тады тонкая, лірычная натура жанчыны адчула патрэбу на паперы выкласці тыя іскаркі радасці і акрыленасці, перапаўняўшыя душу, пасля залічэння яе студэнткай Магілёўскага культурна-асветніцкага вучылішча. Па шэрагу прычын закончыць адукацыю ў навучальнай установе не давялося, але жаданне з усім светам падзяліцца і радасцю, і болем, ідучымі ад самага сэрца, жыве ў свядомасці вясковай паэтэсы да гэтых дзён, нягдедзячы на дзесяцігоддзі. А сёлета Тамары Вітальеўне споўніцца семдзесят чатыры гады. Але ж ці ўплываюць праўшоўшыя зімы ды вёсны на незгасальную крыніцу творчага натхнення чалавека, улюбёнага ў жыццё і родныя мясціны? Зразумела, не. Яны толькі надаюць сталасці думкам, вучаць узважанаму сур’ёзнаму падыходу да творчасці, напаўняюць і ўзбагачаюць здабыткамі жыццёвай мудрасці памножанай на вопыт і ўдасканаленае майстэрства.

Апавядаючы пра сваё жыццё, гады юнацтва і маладосці, першае каханне і наладжванне сямейнага жыцця з мужам Міхаілам Сяргеевічам, радаснымі іскрынкамі ўспыхваюць вочы жанчыны, быццам і не было за плячыма тых дзесяцігоддзяў, раздзяляючых дзень учарашні і дзень сённяшні.

… Не паспела вярнуцца ў родную Траўну прыгажуня Тамара з далёкага Казахстана, куды адправілася на заробкі разам з дваюраднай сястрой, як зашчыміла дзявочае сэрца, перахапіўшы прызыўны позірк статнага хлопца, што з’явіўся на вёсцы. І панясло, закружыла чыстае, светлае пачуццё маладых, павяло пад вянец. Так утварылася сям’я. А з ёю — новыя мары і надзеі, новыя клопаты і спадзяванні, узбагачаючыя паэтычную натуру станоўчымі эмоцыямі і перажываннямі.

Гартаючы ў памяці перажытае, нельга не ўспомніць яшчэ адну адметную падзею ў жыцці Тамары Вітальеўны – сустрэчу з чалавекам, які перавярнуў усё яе ўяўленне аб свеце паэзіі і аб творчасці ўвогуле. Гэтым чалавекам  быў заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Аляксей Васільевіч Пысін. Ці думалася тады пачынаючай паэтэсе, што будучыня прыпаднясе ёй такі неспадзяваны сюрпрыз: з ліку многіх суіскальнікаў менавіта яна будзе ўдастоена спецыяльнай прэміі, якая носіць імя знакамітага земляка з Высокага Борку.

Тады ж, у час сустрэчы з Пысіным, прагна ўпітвала яна кожнае яго слова, лавіла позірк яго вачэй і ўсмешку, дзівілася прастаце і лёгкасці зносін з ёю, вясковай жанчынай, такога вялікага чалавека. Дагэтуль памятае Тамара Вітальеўна заўвагі, зробленыя Пысіным наконт яе вершаў, памятае, як уважліва аднёсся ён да сціплых твораў пачынаючага аўтара, з якой цеплынёй і душэўнасцю па-роднаму, па-свойску вёў гаворку. Грукала сэрца ў грудзях, а думкі адна за адной маланкай мільгалі ў галаве: “Вось такім шчырым і таварыскім павінен быць сапраўдны паэт і сапраўдны чалавек! І да такіх вышынь у зносінах з людзьмі і ў творчасці павінна імкнуцца яна сама. А іначай навошта ўвогуле брацца за пяро?”

З цягам часу гэтыя няхітрыя жыццёвыя высновы сталі своеасаблівым дэвізам, якога прытрымліваецца вясковая паэтэса і па сённяшні дзень. Ад таго і вее ад яе вершаў непаддзельнай шчырасцю і цеплынёй, што адгукаюцца ў сэрцы кожнага, хто іх ведае і чытае. Падобна таму, як вучыў яе калісьці Аляксей Пысін.

Тамара БРАТАЧКІНА.

Фота Аляксандра ДАНЧАНКІ. 

Поделиться с друзьями
298 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.