КАБ ГАРМОНІК СПЯВАЎ ЗВОНКА

garmonistВас прыцягваюць незвычайныя праявы культурнага жыцця? Тады пазнаёмцеся з майстрам ігры на гармоніку М.А. Занудзенка. “Што тут незвычайнага? — скажаце вы. – Гарманістаў у раёне нямала”. А справа ў тым, што іграе герой майго аповеду на перакуленым гармоніку.
Што гэта такое? Перавярніце інструмент, памяняйце яго верх і ніз – вось вам і перакулены гармонік. Менавіта такім чынам іграе Мікалай Занудзенка.
Гармонік у Мікалая Аляксандравіча ўнікальны. Ён быў зроблены вясковым майстрам Уладзімірам Васільевічам Ларкоўскім, які жыў у в. Забор’е. З гэтым інструментам М.А. Зануденка не расстаецца ўжо 35 гадоў! Беражэ яго, як зрэнку вока.
Нарадзіўся Мікалай Аляксандравіч Занудзенка ў в. Палуж-2. З дзяцінства іграў на вясковых гуляннях, падыгрываў на школьных канцэртах, іграў для сваёй душы.
Навучыўся граць на слых ад бацькі і родзічаў, бо ўсе яны валодалі музычнымі інструментамі: дзед іграў на скрыпцы і гармоніку, дзядзькі – хто на гармо-ніку, хто на балалайцы.
М.А. Занудзенка ганарыцца сваім знакамітым родзічам Аляксандрам Патлісам – вядомым спеваком-кампазітарам, паэтам-песеннікам.
У розныя часы працаваў у лясніцтве, калгасе. Але талент гарманіста быў заўважаны і Мікалая Аляксандравіча запрасілі на пасаду акампаніятара ў Ленінскі СДК, дзе ён творча працуе і зараз.
Разам з фальклорным калектывам папулярызуе традыцыйную культуру: народныя песні, абрады. Ён ведае мелодыі ўсіх бытавых танцаў сваёй мясцовасці. Калектыў Ленінскага СДК атрымаў першае месца ў рамках раённага фальклорнага конкурсу “Чары сівой даўніны” ў намінацыі “Захаванне і папулярызацыя традыцыйнай культуры”, у чым вялікая заслуга і Мікалая Аляксандра-віча. Гарманіст прымае ўдзел у раённым конкурсе “Грай, гармонік!”, у якім неаднаразова быў пераможцам, выступае на народных гуляннях і святах.
Аб чым марыць майстар-музыка? Аб перадачы свайго майстэрства маленькаму сыну, аб набыцці новага інструмента, бо любімаму гармоніку месца ўжо ў музеі. Марыць аб захаванні і развіцці народнай спадчыны малой радзімы, любоў да якой запаўняе сэрца і душу М.А. Занудзенкі. Марыць, каб краснапольскі гармонік спяваў звонка і доўга.

Валянціна МАРЧАНКА.

Поделиться с друзьями
1 337 просмотров