ПЯЮ САРДЭЧНА І ЎЗНЁСЛА БАЦЬКОЎСКІ КУТ СВАЁЙ ЗЯМЛІ

У рамках сацыяльнатворчага праекта «Краснапольшчына літаратурная» ў РЦК г.п. Краснаполле адбылося адкрытае пасяджэнне літаратурнага абяднання «Світанак» пад назвай «Пяю сардэчна і узнёсла бацькоўскі кут сваёй зямлі».

Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў сферы культуры, адукацыі раёна, мясцовых паэтаў, партнёраў праекта і ўдзельнікаў раённага конкурсу паэзіі «Свайму роднаму краю пяю я песню». Састаў аўдыторыі невыпадковы, бо гэта тая частка грамадства, якая заклапочана сацыяльна-культурным жыццём раёна, духоўным, патрыятычным выхаваннем, творчым развіццём насельніцтва і паляпшэннем якасці яго сацыяльна-культурнага жыцця.

Пасяджэнне адбылося цёплым, творчым і карысным. Дзве з паловай гадзіны праляцелі на адным дыханні.

Самымі яскравымі момантамі сустрэчы сталі падвядзенне вынікаў паэтычнага конкурсу, жывое слова паэтаў, прэзентацыя мастацкай персанальнай выставы В.А. Марчанкі «Натхненне» у раённым музеі, якая адбылася ў інтэрактыўнай форме з удзелам аўтара. Былі выказаны цікавыя думкі і прапановы прысутных і партнёраў праекта.

Старшыня журы конкурсу, рэдактар раённай газеты «Чырвоны сцяг. Краснаполле» А.В. Сідарэнка уручыла пераможцам конкурсу дыпломы і падарункі, брашураваныя зборнікі паэзіі, складзеныя з вершаў удзельнікаў конкурсу.

Падводзячы вынікі конкурсу і аналізуючы яго матэрыялы, Алеся Валянцінаўна звярнулася да аўдыторыі слухачоў: «Не будзем дужа крытычнымі да гэтых твораў. Можа, вы не знойдзеце дасканаласці ў іх, аднак яны вартыя таго, каб іх прачытаць, паразважаць над імі, і падзівіцца жаданню паэтаў-землякоў падзяліцца сваімі пачуццямі, думкамі, святлом і смуткам сваёй душы. Да таго ж, хто напіша лепш пра наша Краснаполле, чым тыя, людзі, што жывуць тут і дыхаюць родным паветрам».

Як прагучала, усе творы конкурсу сталі сапраўднай песняй пра Краснапольшчыну, а гэта добры рэсурс патрыятычнага выхавання, які тут жа ацанілі педагогі і клубныя работнікі і выказалі жаданне мець для работы зборнікі вершаў сваіх землякоў.

Магчымасці і значнасць развіцця літаратурнай творчасці на Краснапольшчыне падкрэсліла і Н.М. Басянкова, дырэктар ДУК «ЦБС Краснапольскага раёна». Яна распавяла і пра тую літаратурную краязнаўчую дзейнасць, якую вядзе бібліятэка, прэзентавала складзеныя зборнікі мясцовых паэтаў розных часоў, параіла педагогам і клубным работнікам іх выкарыстанне ў выхаваўчай дзейнасці, падкрэсліўшы, што краязнаўчыя матэрыялы – дзейсны сродак выхавання патрыятызму і грамадзянскасці.

Інтарэс аўдыторыі быў непаддзельны і да ідэй праекта, і да літаратурнага аб’яднання, якое пакуль налічвае 7 членаў і чакае новых, і да прапанаваных новых конкурсаў (конкурс «Радзіма мая дарагая» (абвешчаны СПБ) да 100-годдзя Алеся Бачылы), і да паэтычнага слова з вуснаў землякоў. Па прызнанню прысутных, адны ўпершыню сутыкнуліся са сваімі творчымі землякамі, а другія па-новаму ўбачылі сваіх знаёмых і калег.

Раённы конкурс паэзіі «Свайму роднаму краю пяю я песню» быў прысвечаны 310-й гадавіне г.п. Краснаполля і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Конкурс змяшчаў 4 намінацыі: «Гісторыя Краснапольшчыны», «Жыццё Краснапольшчыны», «Культурныя каштоўнасці Краснапольшчыны», «Прырода Краснапольшчыны».

Дыпломамі 1-й ступені ў розных намінацыях конкурсу былі адзначаны С. Сыранкоў, Г. Яўсеенка, В. Марчанка. Дыпломы 2-й ступені атрымалі Г. Каваленка, Г. Яўсеенка, Д. Кустаў. За ўдзел у конкурсе ўзнагароджана А. Амельчанка.

Таксама, пад час сустрэчы ўзнікла нямала пытанняў і прапаноў. С. Сыранкоў выказаў пажаданне павялічыць колькасць раённых конкурсаў рознай тэматыкі і прымеркаваных да розных падзей. Д. Кустава і іншых настаўнікаў цікавіла магчымасць сустрэч мясцовых паэтаў з вучнямі школ. Г. Яўсеенка, якой у жыцці давялося сустракацца і раіцца з вядомым паэтам А. Пысіным, гатова дзяліцца аб гэтым сваімі ўспамінамі на старонках газет.

Я, як аўтар і кіраўнік праекта і сустрэчы, з задавальненнем лавіла гэтыя думкі і спантаныя парады, і асалода напаўняла маё сэрца, бо адчувалася, колькі натхнёных, добрых, шчырых і адкрытых сэрцаў на нашай зямлі, людзей, якія прагнуць духоўнага святла, адкрытых зносін, магчымасці выказацца і быць пачутымі, адчуць сябе асобай. А менавіта асобы і ўяўляюць каштоўнасць грамадства.

Валянціна Марчанка.

Фото Алесі Сідарэнкі.

Поделиться с друзьями
427 просмотров