Салдат Перамогі

Няўмольна імклівы час набліжае нас да 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Яе ветэраны адыходзяць у нябыт. 16 чэрвеня 2019 года памёр апошні ветэран Вялікай Айчыннай вайны на Краснапольшчыне Уладзімір Рыгоравіч Шайтура.

2015 год. У.Г. Шайтура з вучнямі і педагогам ДУА «Тур’яўскі ВПК дз/с – сярэдняя школа».

Што мы ведаем аб лёсе і жыцці гэтага чалавека?

Нарадзіўся ён 27 чэрвеня 1921 года ў п. Шырокі ў сялянскай сям’і. Бацька Рыгор быў працавіты, цягавіты гаспадар. Поле, сад, пчаліная пасека былі асноўным заняткам сям’і, і з дзяцінства Валодзя працаваў нароўні з дарослымі. У 12 год ён застаўся сіратой – памёр бацька.

Ішлі гады, юнак паспяхова вучыўся ў Клясінскай 7-гадовай школе. Закончыў адукацыю ў Гніліцкай СШ у 1941 годзе. Пасля школы разам з сябрам Васілем Гаўрыкавым вырашылі паступаць у Смаленскае ваеннае вучылішча, але не паспелі стаць курсантамі, прыняць прысягу – пачалася вайна.

Хлопцы вярнуліся дамоў і да кастрычніка 1943 года жылі ў акупацыі ў п. Шырокі. Другога верасня 1943 года У.Р. Шайтура з сябрам Васілем Гаўрыкавым Краснапольскім РВК былі прызваны на вайсковую службу. Кароткі курс маладого байца, курсы сувязістаў – і вось ужо ў лістападзе 43-га Уладзімір Шайтура прымае ваенную прысягу ў 744-м асобным батальёне сувязі.

Пачаліся баявыя будні… Сувязь – нерв арміі, таму экіпіроўка сувязістаў мела свае асаблівасці: катушка провада, ізалента, кусачкі, нож, рэчмяшок, процігаз, карабін.

З усім гэтым рыштункам трэба было дзе бягом, дзе паўзком выявіць парыў на лініі сувязі і ліквідаваць яго пад агнём праціўніка. З баямі У.Р. Шайтура прайшоў Беларусь, Польшчу і Германію.

З успамінаў ветэрана: “Аднойчы бягу ўздоўж лініі сувязі, а тут пачаўся мінамётны абстрэл. Мяне ў траншэю піхнуў салдат і сам упаў на мяне. Гляджу – а ён нежывы. Сам загінуў, а мяне выратаваў. Хто ён, адкуль мой выратавальнік – невядома“.

У 1944 годзе Уладзіміру Рыгоравічу прысвойваецца воінскае званне – яфрэйтар. Не раз, рызыкуючы сваім жыццём, выконваў заданні камандавання і забяспечваў няспынную працу лініі сувязі. У жніўні 1944 года У.Р. Шайтура атрымаў першую баявую награду – медаль “За адвагу”.

Из архивного документа: «15.08.1944 в бою за высоту 137, несмотря на вблизи рвущиеся мины и снаряды, исправил 7 повреждений на линии, тем самым добился беспрерывной работы линии и обеспечил выполнение задачи, поставленной командованием.»

Наступны медаль “За адвагу” У.Р. Шайтура атрымаў у 1945 годзе.

Из архивного документа: «18 января 1945 года под сильным артиллерийским огнем противника устранил более 30 повреждений на линии».

З баямі У.Р. Шайтура дайшоў да Берліна, дзе і сустрэў Перамогу.

15 сакавіка 1946 года быў дэмабілізаваны,  вярнуўся дадому ў п. Шырокі. Тут Уладзімір Рыгоравіч пабудаваў сям’ю, выгадаваў чатырох дзяцей. Сям’я жыла ў працы і згодзе. Галава сям’і працаваў настаўнікам і адначасова вучыўся ў Магілёўскім педінстытуце.

Я добра ведаў Уладзіміра Рыгоравіча і 20 гадоў працаваў разам з ім у Гніліцкай школе. Ен прывучаў мяне да настаўніцкай працы, даваў парады. Гэта быў чалавек ветлівы, добразычлівы і чулы. Часта ён сустракаўся з ветэранамі ў Маскве, Мінску, Магілёве, Гомелі, прывозіў фотаальбомы з гэтых сустрэч. Зараз яны захоўваюцца ў музеі ДУА “Ленінскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

Як член КПСС з 1952 года У.Р. Шайтура быў сакратаром партарганізацыі школы.

У 1975 годзе школу наведаў генерал-маёр В.А. Канавалаў, які ўдзельнічаў у вызваленні нашага раена. У час вайны У.Р. Шайтура служыў у яго палку. Выступаючы перад вучнямі і настаўнікамі школы, ен сказаў: “Уладзімір Рыгоравіч Шайтура быў выдатным салдатам-сувязістам, бярыце з яго прыклад”.

Хацелась бы даць нашчадкам і іншую параду: “Чалавек жыве да той пары, пакуль яго помняць. Нам трэба думаць  аб тым, як захаваць галоўнае, што робіць нас людзьмі, што арыентавана на будучыню. Гэта, зразумела, адзін з нашых сімвалаў – Дзень Перамогі. А  яна складаецца з лёсаў, працы і подзвігаў нашых гераічных землякоў. Шанаваць іх памяць – абавязак кожнага беларуса, бо мы – наследнікі тых, хто ўмеў перамагаць. Вечная памяць і слава воінам Перамогі”.

А.І. Марзалюк,
аг. Леніна.

Поделиться с друзьями
203 просмотров