З юбілейнага нумару газеты «Чырвоны сцяг» за 12 сакавіка 1982 г

У гушчынi падзей

Біяграфія нашай раённай газеты пачалася пяцьдзесят гадоў назад. Першы яе нумар выйшаў 12 сакавіка 1932 года. Гэта быў нялёгкі і складаны час. У краіне ва ўсю шырыню разгортвалася барацьба за індустрыялізацыю, працягвалася калектывізацыя сельскіх гаспадарак.

Спачатку газета выходзіла невялікім фарматам два разы на тыдзень. Аднак гэта быў баявы орган раённага камітэта партыі і райвыканкома. Газета ўнікала літаральна ва ўсе бакі жыцця раёна, расказвала пра тыя вялікія пераўтварэнні, якія адбыліся ў вёсцы, растлумачвала палітыку нашай партыі і дзяржавы, паказвала працаўніка-наватара, народжаннага новым сацыялістычным жыццём.

Раслі, набіралі сілу калгасы. Многія перадавікі і асобныя гаспадаркі ўжо ў 1939 годзе былі ўдзельнікамі Ўсесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве. У дасягненні высокіх вынікаў працы, безумоўна, вялікую ролю працаўнікам раёна аказвала газета.

Калі на нашу краіну вераломна напалі нямецка-фашысцкія захопнікі, краснапальчане, як і ўвесь савецкі народ, не сталі на калені перад ворагам. Адны ваявалі на франтах, другія вялі партызанскую барацьбу. У гэтай усенароднай барацьбе прымала ўдзел і газета. Спачатку яна выходзіла пад назвай «Партизанская правда», пазней, калі быў створан Краснапольскі падпольны райком партыі, газета выходзіла пад даваеннай назвай – «Чырвоны сцяг». Газета была грознай зброяй.

У пачатку 1944 года раённая партыйная арганізацыя налічвала ў сваіх радах 44 члены і 28 кандыдатаў у члены партыі. Арганізацыя малалікая. Але яна мела баявы друкаваны орган – газету «Чырвоны сцяг». На яе старонках ярка, публіцыстычна страсна расказвалася, як краснапальчане залечвалі раны, нанесеныя вайной. З нумара ў нумар змяшчаліся матэрыялы пад рубрыкамі-заклікамі: “Усё для фронту, усё для перамогі!”.

На працягу ўсіх пасляваенных гадоў «Чырвоны сцяг» вядзе плённую работу па прапагандзе ідэй марксізму-ленінізму, эканамічнай і сацыяльнай палітыкі КПСС, з’яўляецца верным і надзейным памочнікам раённай партыйнай арганізацыі ў камуністычным выхаванні працоўных, у мабілізацыі іх на паспяховае ажыццяўленне задач гаспадарчага і культурнага будаўніцтва. Рэдакцыйны калектыў шукае і знаходзіць цікавыя і дзейсныя формы асвятлення пытанняў павышэння эфектыўнасці грамадскай вытворчасці і якасці работы, укаранення ў народную гаспадарку дасягненняў навукі і перадавога вопыту.

Аб гэтым пiсала газета

Жнівень 1932 года.

Браць прыклад з перадавікоў малаканарыхтовак

Калгас «Каса» Мхініцкага сельсавета на чале са старшынёй Палеенкам П. план выканаў і працягвае здаваць малако, за што прэміраваны прамтаварамі. Калгасы «Усходняя Зорка» Каз-Будскага сельсавета, «Чырвоная зорка» Горнаўскага сельсавета паказалі яскравыя прыклады бальшавіцкай барацьбы за выкананне плана і з усёй відавочнасцю даказваюць, што планы рэяльныя і яны выконваюцца.

Усякім разважанням аб немагчымасці выканаць план павінен быць нанесен руйнуючы ўдар. І толькі пры гэтых умовах мы з поспехам выканаем і перавыканаем планы па здачы дзяржаве малака і забяспечым пралетарскія цэнтры прадуктамі харчавання.

Кастрычнік 1933 года.

На аснове бальшавіцкага спаборніцтва

План мабілізацыі сродкаў 3-га квартала 1933 года нашым раёнам выканан на 110,6 працэнта. Гэтай перамогі на фінансавым фронце райпартарганізацыя дабілася на аснове бальшавіцкага спаборніцтва з сумежнымі раёнамі, у выніку жорсткай барацьбы з кулакамі і іх агентамі, у выніку правільнага кіраўніцтва ЦК КП(б)Б і практычнага ажыццяўлення дырэктыў ЦК райпартарганізацыяй па мабілізацыі сродкаў…

Член Гарадзецкага сельсавета па калгасу «Барацьбіт» т. Хромчанка Андрэй па-ўдарнаму змагаецца за выкананне плана мабілізацыі сродкаў і мае на сваім участку велізарныя дасягненні. І калгас «Барацьбіт», і яго члены пад кіраўніцтвам Андрэя датэрмінова разлічыліся з дзяржавай як па абавязковых, так і па добраахвотных плацяжах.

Члены сельсавета! Бярыце прыклад з тав. Хромчанкі па выкананню фінплана.

Сакавік 1935 года.

Пабудуем краснапольскі санітарны самалёт!

Калектыў работнікаў рэдакцыі і друкарні ўнёс на пабудову краснапольскага санітарнага самалёта 37 рублёў і выклікае на спаборніцтва работнікаў райкома, райвыканкома, райземаддзела, райфінаддзела.

Работнікі райканторы «Заготмяса» уносяць у фонд пабудовы самалёта 65 рублёў. Выклікаюць паследаваць іх прыкладу работнікаў Краснапольскага сельпо, маслапрома, заготільну і льнозавода.

Студзень 1944 года.

Адновім наш родны калагас

Пры адступленні нямецкія банды спалілі 36 хат калгаснікаў, усе калгасныя пабудовы, збожжа і сена калгаса імя Розы Люксембург Кажамякінскага сельсавета.

З першага ж дня вызвалення хлебаробы пачалі аднаўляць свой калгас. За кароткі тэрмін разлічыліся з дзяржавай па здачы сельскагаспадарчых прадуктаў у фонд Чырвонай Арміі. Адначасова праводзіўся збор сельскагаспадарчага інвентару, падрыхтоўка кармоў, абсталёўваліся памяшканні для жывёлы.

Не хапала кармоў. Праўленне калгаса (старшыня тав. Гасанаў) звярнулася за дапамогай да калгаснікаў Клясінскага і Каз-Будскага сельсаветаў, і тыя выдзелілі 6,5 тоны сена і 10 тон саломы.

Нягледзячы на тое што немцы спалілі хлеб, калгаснікі на 1 студзеня 1944 года выканалі план засыпкі насення на 98 працэнтаў.

Калгаснік Трафім Верам’ёў і іншыя на агульным сходзе заявілі:

«Немцы разбурылі наш калгас, спалілі ўсё, але мы пераадолеем гэтыя цяжкасці. Наш родны калгас будзе зноў квітнець, а калгаснікі будуць жыць культурна і заможна».

Май 1944 года.

На каровах і ўручную

Нямецка-фашысцкія захопнікі за два з лішнім гады варварскага гаспадарання зруйнавалі і знішчылі ўсю маёмасць, усе будынкі, увесь інвентар, усю цяглавую сілу саўгаса імя Калініна. У саўгасе ўсяго 8 коней. Таму рабочыя вырашылі выкарыстаць дадатковае цягло. Для гэтага абучылі 8 кароў, якія знаходзіліся ў асабістым карыстанні хлебаробаў. Гэтыя каровы былі заняты на вывазцы гною, падвозцы насення і на іншых работах.

Рабочыя ўручную апрацоўваюць саўгасную зямлю. Яны ўскапалі участак плошчай 12 гектараў. На гэтай рабоце вызначыліся камсамольцы Еўдакія Міхальчанка, Аляксандра Ламнёва, Надзея Кавалёва, Алена Харчанка, Марыя Рыбянкова, Зінаіда Асмалоўская, якія ўскопвалі за дзень ад 0,07 да 0,10 гектара пры норме 0,03 гектара.

«Чырвоны сцяг»
№ 31 за 12 сакавіка 1982 г.

Поделиться с друзьями
571 просмотров