Захоўваем памяць – зберагаем будучыню: Краснапольская цэнтральная бібліятэка актывізавала краязнаўча-пошукавую работу

Знакаміты беларускі паэт, краснапальчанін А.В. Пысін з любоўю назваў сваю малую радзіму Краснапольшчыну “салаўіным, глыбінным раёнам”.

Сапраўды, Краснапольскі раён – раён з няпростай гісторыяй, якая складаецца з лёсаў ураджэнцаў раёна і тых жыхароў – сапраўдных патрыётаў, якія засталіся жыць на сваёй “малой радзіме” і зрабілі значны ўклад у яе сацыяльнае, эканамічнае, культурнае развіццё.

Адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны, усебаковае навуковае даследванне, папулярызацыя ведаў аб ёй – асноўны напрамак краязнаўчай дзейнасці сучаснай бібліятэкі.

Асобая значнасць гэтага напрамку работы ў цяперашні час вызначаецца павышэннем цікавасці карыстальнікаў да гісторыі і сучаснага жыцця сваёй “малой радзімы”, да яе мясцовых асаблівасцей і традыцый, да жыцця сваіх славутых землякоў.

За гады існавання Краснапольскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М. Ткачова назапашаны вялікі фактаграфічны матэрыял па гісторыка-культурнай спадчыне. У цяперашні час краязнаўча-пошукавая работа актывізавана ў межах мэтавай праграмы “Захоўваем памяць – зберагаем будучыню” па шэрагу краязнаўчых праектаў, якія разлічаны на некалькі гадоў. 

Першы з іх “Гераічная гісторыя Краснапольшчыны ў асобах”, прысвечаны 80-годдзю вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і накіраваны на ўвекавечанне памяці аб краснапальчанах, удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. Работа ў гэтым напрамку бібліятэкай вялася не адно дзесяцігоддзе праз мерапрыемствы і збор рознабаковых звестак аб земляках-воінах. Вынікам пошукава-даследчай дзейнасці па вышэйназванаму праекту павінна стаць як мага большая колькасць фотаздымкаў краснапальчан, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, каб захаваць у памяці нашчадкаў светлыя вобразы продкаў, дзякуючы якім мы жывём пад мірным небам.

Краснапольская цэнтральная раённая бібліятэка ім. М. Ткачова разам з дзяржаўнай установай культуры “Краснапольскі гісторыка-этнаграфічны музей” змагла знайці фотазвесткі і ўдасканаліць  біяграфічныя дадзеныя аб 200 краснапальчанах.

Каб знойдзеная інфармацыя стала даступнай для жыхароў раёна, на сайце бібліятэкі з’явіўся банэр “Краснопольчане − участники Великой Отечественной войны − гордость района”, пад якім размешчаны звесткі аб нашых земляках у чатырох раздзелах: “Вярнуліся пераможцамі”, “Героі Савецкага Саюза”, “Удзельнікі партызанскага руху”, “Не вярнуліся з поля боя”, “Краснапальчане − кавалеры ордэна Аляксандра Неўскага”. Работа па праекту актыўна працягваецца, зараз яна вядзецца па ўдасканальванні звестак і пошуку фотаздымкаў у адносінах яшчэ 50 нашых землякоў.

Асноўная мэта другога праекта «Зямля бацькоў – жыцця крыніца» – гэта збор звестак аб гісторыі і ўдарніках сельскагаспадарчай галіны раёна. Знойдзены матэрыял па праекту размешчаны на сайце бібліятэкі пад адпаведным банэрам па наступных раздзелах: “Як ствараліся калгасы на Краснапольшчыне”, “Аднаўленне сельскай гаспадаркі пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкай акупацыі”, “Наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС для сельскай гаспадаркі Краснапольскага раёна”, “Гісторыя калгаса імя Леніна”, “Зямля і людзі” (біяграфічныя звесткі аб 50 працаўніках калгасаў, узнагароджаных дзяржаўнымі ўзнагародамі).

Праект “Паэтычны гонар Краснапольшчыны” запушчаны ў чэрвені 2021 года, асноўнай мэтай якога стала жаданне адкрыць у межах штогадовага паэтычнага свята “Вянок Аляксею Пысіну” творчую пляцоўку-лабараторыю для арганізацыі работы з паэтамі-землякамі па зберажэнні паэтычных традыцый раёна. На сайце бібліятэкі пад банэрам “Паэтычная скарбонка Краснапольшчыны” размешчаны звесткі аб 11 нашых земляках, ураджэнцах Краснапольскага раёна, у тым ліку імёны якіх знойдзены ў ходзе пошукава-даследчай работы: Таццяна Аляксандраўна Гаўрыленка, ураджэнка г.п. Краснаполле, аўтар трох кніг (зараз пражывае ў г. Горкі), Уладзімір Мікалаевіч Босаў, пяру якога належыць шмат вершаў аб малой радзіме (зараз жыве ў г. Клімавічы).

Мэта праекта “Краснапальчане на Афганскай вайне” – зберагчы памяць аб воінах-інтэрнацыяналістах, ураджэнцах Краснапольскага раёна. Акрамя збора звестак аб дзейнасці Краснапольскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Ветэраны вайны ў Афганістане” спецыялістамі бібліятэкі аблічбавана кніга Л.В. Лабаноўскага “На Афганскай вайне” і размешчана на сайце бібліятэкі пад банэрам “Краснапальчане – ветэраны вайны ў Афганістане”.

Маці … Для кожнага з нас бліжэй чалавека няма. Праект “Краснапальчанкі-гераіні”, які пачаў рэалізоўвацца ў бібліятэцы з 2022 года, накіраваны на збор звестак аб мнагадзетных жанчынах і жанчынах, ўзнагароджаных ордэнам Маці. Зараз інфармацыйны рэсурс на сайце бібліятэкі “Вялікія жанчыны – Маці” змяшчае звесткі аб 45 жанчынах, узнагароджаных гэтым ордэнам.

Асноўная мэта праекта “Спартыўны гонар Краснапольшчыны” –  збор і зберажэнне гістарычных звестак аб спартыўных дасягненнях раёна, аб краснапальчанах, якія з’яўляюцца спартыўным гонарам Краснапольшчыны – 15 майстрах спорту і пераможцах чэмпіянатаў Еўропы і спаборніцтваў рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

Гісторыя чалавецтва сведчыць аб тым, што без выкарыстання дасягненняў навукі немагчыма паспяховае эканамічнае, сацыяльнае і тэхнічнае развіццё, павышэнне ўзроўню жыцця. У сучасных умовах значэнне навукі ў жыцці грамадства толькі павялічваецца.

Краснапольшчына багата на таленавітых людзей і па праву ганарыцца сваімі знакамітымі навукоўцамі. Папулярызацыя ведаў аб вучоных-краснапальчанах – мэта праекта “Краснапальчане ў сузор’і навукі”. У яго межах сабраны звесткі аб 16 краснапальчанах-вучоных, сярод якіх доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Аляксандравіч Марзалюк. Пошукава-даследчая работа працягваецца. Яна будзе больш прадуктыўнай, калі жыхары раёна дапамогуць Краснапольскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М. Ткачова ў зборы звестак аб нашых славутых земляках.

Вывучэнне роднай мясцовасці – агульная, сацыяльна важная справа, якая ўсебакова падтрымліваецца дзяржавай. Работа па зберажэнні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны ніколі не страціць сваёй актуальнасці, будзе спрыяць развіццю беражлівага стаўлення не толькі да помнікаў культуры і гісторыі, але і да людзей.

Краснапольская цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Ткачова.

Поделиться с друзьями
1 306 просмотров