Малая радзіма не адпусціла

Жыць наперакор Чарнобылю

На рахунку раённай агранізацыі РГА “Белая Русь” нямала добрых спраў і пачынанняў, эстафета якіх працягваецца і дорыць людзям добры настрой. Чарговая ініцыятыва, якая гэта пацвярджае–наведванне старшынёй раённага Совета дэпутатаў, старшынёй РА  РГА “Белая Русь” А.А. Гоман разам з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне В.М. Юдзянковай краснапальчанкі Л.І. Сераковай. І падстава таму грунтоўная – блізіцца 36-я гадаўшчына аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а Лідзія Іванаўна – пересяленка з в. Мхінічы, адна з жыхароў гэтага некалі вялікага населеннага пункта раёна, якія ў свой час пераехалі жыць у Краснаполле. У знак увагі да пажылога чалавека госці прышлі не з пустымі рукамі – з кветкамі і падарункам.

Нечаканая сустрэча вярнула Лідзію Іванаўну ўшчаслівае мінулае: “У нас была вялікая хата ў Мхінічах: 10 x 6 метраў, у якой выгадавалі разам з мужам чатырох дзяцей, хлеў стаяў 16-мятровай даўжыні, трымалі карову, свіней і іншую жыўнасць, апрацоўвалі 40 сотак зямлі, гаспадарчыя пабудовы дапаўнялі  склеп, лазня. А  нападалеку ад лазні,  метраў за пяць, працякала  рэчка, у якой любілі купацца, лавіць рыбу, ракаў. І увогуле вёску акружалі жывапісныя мясціны”. А яшчэ ўдакладніла, што ў хаце была прыгажосць, якую стварала сваімі вышыванымі карцінамі, рушнікамі, абрусамі. На гэты конт яна была вялікая майстрыха. Гэта зараз ужо вочы не так бачаць, а тады кожны ўзор адтачвала. Сведкі гэтых слоў –вышываныя работы – красуюцца і ўцяперашняй хаце, у якой жыве ўжо 30 гадоў, на сценах, у чырвоным куце. Няцяжка здагадацца,  што сваё захапленне жанчына пранесла праз усё жыццё.

Таксама Лідзія Іванаўна расказала, што першапачаткова, калі грымнуў Чарнобыль, іх сям’я выязджала на Украіну, куды адразу падаўся яе брат, у якого было пяцёра дзяцей. У той час малодшы сын ужо служыў у арміі, а старэйшыя сын і дзве дачкі працавалі. Адна з дачок, Алена, засталася ў Мхінічах, дзе ў мясцовай бальніцы рабіла фельдшарам.

Пагрузіўшы няхітры скарб на машыну, Лідзія Іванаўна разам з мужам паехала на новае месца жыхарства . Было гэта ў чэрвені. А ўжо ў кастрычніку яна вярнулася назад дадому. “Я не змагла там жыць без дзяцей, – так растлумачыла сваё рашэнне жанчына. – І не шкадую, што вярнулася на Краснапольшчыну, малую радзіму, якая і сёння дае сілы жыць”.

У сваю чаргу ў размове з Л.І.Сераковай А.А. Гоман падзялілася сваімі асабістымі ўспамінамі пра Мхінічы. Яна таксама мела да іх адносіны – пэўны час працавала ў школе гэтага населеннага пункта. Прыгажосць вёскі назаўсёды запала ў яе душу, як і словы аб гэтым тады начальніка аддзела адукацыі раёна С.Я. Казлова, які вёз яе, маладога дырэктара,прадставіць калектыву установы адукацыі. І менавіта школа доўгі час была месцам сустрэчы выпускнікоў розных гадоў. А калі А.А. Гоман працавала ўжо дырэктарам ДУА “Казельскі ВПК  дзіцячы сад – сярэдняя школа”, быў аб’яўлены конкурс матэрыялаў па чарнобыльскай тэматыцы. Казельскія вучні  разам з настаўнікамі прынялі ў ім удзел і зрабілі відэяролік, у якім увасабілі шэраг месц в.Мхінічы, у тым ліку і школу, якая на той час яшчэ не была пахавана. Ён сведчыць, што школа была цэнтрам прыцягнення і назаўсёды застанецца ў памяці сваіх выхаванцаў. Гэты відэяролік і сёння захоўваецца ў ДУА“Казельскі ВПК  дзіцячы сад – сярэдняя школа”.

Ферма, камбінат бытавых паслуг, аптэка, пошта, клуб – усе гэтыя аб’екты вытворчай і сацыяльнай сферы існавалі тады ў Мхінічах. Шмат было двароў, дзяцей, моладзі.

Лідзія Іванаўна 12 гадоў працавала тэхработнікам у школе, а пасля ў бальніцы санітаркай. У Краснаполле пераязджала з жалем. “Пасля сваёй вялікай хаты да гэтай  прывыкала доўга, з тугой”, – адзначыла яна. Успомніла і сваіх аднавяскоўцаў, якіх лёс звязаў з Дрыбінам, многіх ўжо няма. Прызналася, што перадумваючы бяссоннымі начамі сваё жыццё, успамінаючы маладыя гады, шчаслівыя моманты,усімі фібрамі душы імкнецца назад, у Мхінічы. Пад час такога парыву напісала верш, у які ўклала ўсё, што ляжыць на сэрцы.

Кажуць, што час гоіць раны. Гэта, напэўна, так. Толькі пасля вялікіх застаюцца рубцы. І рана, нанесеная Чарнобыльскай аварыяй, будзе адгуквацца яшчэ доўгія гады…

Тэкст і фота Дзіны Манько.

Поделиться с друзьями
2 871 просмотров