Да Дня роднай мовы на Краснапольшчыне адчынілася творчая гасцёўня “Не адракуся спадчыны сваёй”

Святкаванне міжнароднага Дня роднай мовы стала ўжо традыцыйнай культурнай падзеяй на Краснапольшчыне. Народнае аматарскае паэтычнае аб’яднанне “Світанак” пад кіраўніцтвам  Валянціны Марчанка  зноў запрасіла гасцей у творчую гасцёўню “Не адракуся спадчыны сваёй”.

Прысутныя апынуліся ў святле роднай мовы, мастацкага слова, духоўнасці. У гасцёўні гучалі творы класікаў беларускай літаратуры і паэтаў-аматараў Краснапольшчыны, творы ўдзельнікаў конкурсу “Мы на матчынай мове жывём” у выкананні артыстаў РЦК, членаў аб’яднання “Світанак”, удзельнікаў конкурсу, дзяцей.

Сустрэча ў гасцёўні распачалася тэматычнай кампазіцыяй “Каштоўнасці, на ўсе вякі”, якая ўпэўнівала, што жыццё, Радзіма, землякі, мова яднаюць людзей і, па словах вядомага паэта, пераўтвараюць людзей у нацыю.

У гасцёўні былі падведзены вынікі III расійска-беларускага конкурсу аматараў літаратурнай творчасці “Мы на матчынай мове жывём”, дзе пераможцам былі ўручаны дыпломы.

Конкурс накіраваны на папулярызацыю роднай мовы і творчасці, выхаванне патрыятычных пачуццяў, на ўмацаванне сяброўскіх зносін і ўзаемадзеянне культур саюзных дзяржаў.

У 2023 годзе на конкурс паступіла 38 твораў — 33 у вершаванай форме, 5 – у прозе. Удзельнікамі конкурсу сталі творцы з Беларусі — Краснапольскага, Быхаўскага, Крычаўскага, Чавускага раёнаў Магілёўскай вобласці, Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці, з г. Пінску Брэсцкай вобласці, з г. Гродна; творцы з Расіі — Дзяцькаўскага, Краснагорскага, Навазыбкаўскага раёнаў Бранскай вобласці.

Праз відэа да ўдзельнікаў гасцёўні звярнуліся расійскія сябры ў асобе дырэктара МБУК “Краснагорская МЦРБ” Г.М. Ставінавай. З гэтай установай на працягу многіх гадоў падтрымліваецца творчае і прафесійнае ўзаемадзеянне.

Паэтычнымі радкамі аб родным краі распавядалі творы мясцовых паэтаў-аматараў у іх выкананні, а таксама — прадстаўленыя на выставе выдавецкай прадукцыі аб’яднання “Світанак”. Быў аформлен буклук “Прыгарні ты да сэрца Радзіму”.

Сустрэча аднадумцаў і аматараў мастацкага слова было прымеркаванае і да Года міру і стварэння ў Беларусі. Тэма міру знайшла сваё адлюстраванне ў творах мясцовых паэтаў-аматараў і ўдзельнікаў конкурсу “Мы на матчынай мове жывём”.

Сёння асноўная частка беларусаў прыйшла да разумення, што сапраўдныя каштоўнасці народа, такія, як мова, культура, гістарычная памяць, не могуць несці ў масы зло і разбурэнне. Яны мірныя, як і наша нацыя.

Праз інтэрактыў з залай, калі ўдзельнікі гасцёўні выказвалі словы, якія носяць у сваіх сэрцах, якія ў іх у крыві, прыемна было пачуць мноства цёплых і добрых слоў і ўпэўніцца, што думкі ў людзей – светлыя, чыстыя, міралюбныя.

 “Слова можа і павінна несці стваральны характар, заклікаць да гуманістычных ідэалаў, да мірнага суіснавання, узнімаць духоўнасць”, — упэўнены члены аб’яднання “Світанак” і робяць значны ўнёсак у актывізацыю культурнага жыцця раёна, ідуць з мастацкім словам да людзей.

У мерапрыемстве прыняла ўдзел галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Краснапольскага райвыканкама М.В. Разгонава.

Мерапрыемства было прапанавана для прагляду  яго атэстацыйнай рэспубліканскай камісіяй  на прадмет пацверджання наймення “народны” аб’яднання “Світанак”.

В. Марчанка,
кіраўнік аб’яднання “Світанак”.

Поделиться с друзьями
1 135 просмотров