Благавешчанне на Краснапольшчыне

Пагукаць вясну і пазнаёміцца з асаблівасцямі святкавання Благавешчання ў вёсках Краснапольшчыны  і прыняць удзел у абрадавых дзеях свята прапанавалі метадыст па традыцыйнай культуры Валянціна Марчанка і творчая група Краснапольскага РЦК.

Вясну на Краснапольшчыне гукаюць ды сустракаюць ад Саракоў да Сёмухі. Ляцяць у паветры заклічкі ды песні. Вось і на Благавешчанне зазыўна гучала з узвышша:

Дай, Божа, на зямельку травіцу,

На травіцу – расіцу,

На лясочак – лісточак

І вясёлы дзянёчак.

Змест народнай традыцыі не выяўляе сэнс царкоўнага свята Благавешчання.

Менавіта ў народнай традыцыі і прашло мерапрыемства. Пасля абеду яго ўдзельнікі адправіліся на бераг ручая. Менавіта да ручаёў і рэчак у гэты дзень выходзілі дзяўчаты, пускалі на ваду вянкі, адпраўлялі куль саломы. Спальванне або пусканне на ваду саломы азначала развітанне з зімою, аднаўленне, амаладжэнне.

Удзельнікі мерапрыемства былі азнаёмлены з народнымі прыкметамі, пачулі веснавыя песні. “Вясна-вясняначка, дзе твая дачка Вулляначка”, “Ой, із гор-гары ручай коціцца” – гэтыя і іншыя вясновыя песні, перанятыя ў свой час ад носьбітаў фальклору, працягваюць сваё жыццё на Краснапольшчыне.

На Благавешчанне пазбягалі працы, і да гэтага дня не чапалі зямлю – не капалі, не пахалі яе. У народзе кажуць так: “На Благавешчанне нават птушка гнязда не ўе, а дзеўка касу не пляце”. Ёсць паданне, што зязюля пачала віць гняздо – вось і засталася без уласнага дома, таму і падкідвае яйкі ў чужыя гнёзды. Лічылася, што калі ў гэты дзень вышываць, вязаць, то можна заблытаць свой лёс. Пагадаць на свой лёс дзяўчаты маглі, пускаючы на ваду вяночкі – паплывуць далёка, значыць усё будзе добра і ў здароўі, і ў лёсе, і ў каханні. Каб пазбавіцца ад хваробы, трэба было на Благавешчанне памыцца апошнім снегам.

А яшчэ па надвор’ю ў гэты дзень можна было вызначыць надвор’е на Пасху – якое ў гэты дзень, такое будзе і на Пасху. Калі ў гэты дзень надвор’е добрае, то і лета будзе добрае і ўраджайнае.

Цікаўнасць да свята праявілі дзеці — наведвальнікі аднаго з клубных фарміраванняў клубнай установы. Мудрасць пакаленняў, іх духоўны і матэрыяльны вопыт, хараство народнай культуры прыцягваюць да сябе.

Кожны чалавек можа далучыцца да абрадавых святаў: паслухаць песні, прыкметы, пагуляць у гульні, пахадзіць у карагодах, пачаставацца рытуальнай ежай.

Памяць захоўвае мноства цікавых звычаяў і абрадаў. Наша задача – не страціць ніводнага элемента гэтай багацейшай культурнай спадчыны.

Валянціна Марчанка.

Поделиться с друзьями
1 175 просмотров