Маладзёжны праект “Песня роднай зямлі” завітаў у Краснаполле

Дзеля жыццяў усіх пакаленняў

Ойча наш!
І на сэрцы цяплее.
І малітва мацнее ў душы,
І заранак жыцця палымее,
І зліваюцца ў Словы надзеі:
Божа, Людзі твая зберажы!
Алесь Казека

Маладзёжны праект “Песня роднай зямлі” крочыць па Магілёўшчыне. 14 красавіка яго ўбачылі школьнікі і дарослыя жыхары Краснапольскага раёна.

Ідэю патрыятычнага праекта падтрымалі Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт і ГА “Беларускі фонд міру”. Праект – гэта музычна-пластычны спектакль па матывах твораў Алеся Казекі “Медуніца” і “Марыйка”, які ажыццявілі вучні і педагогі Магілёўскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў.

У праекце прыняў удзел і сам аўтар паэм, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Алесь Мікалаевіч у сваім звароце да слухачоў  паведаміў, што яму  захацелася ўзняць пытанні вечнага і існага, кантрасна вызначыць балючыя кропкі рэалій мінулай вайны. На гэта добра спрацавала і аб’яднанне дзвух паэм у адзіную кампазіцыю.

Паэт прызнаўся, што адлюстраваная ў паэме “Марыйка” трагедыя спаленай вёскі Баркі Кіраўскага раёна – гэта трагедыя і яго сям’і. Гераіня “Марыйкі” – гэта яго маці, якой у той час было 16 гадоў.

15 чэрвеня 1942 года карнікі акружылі вёску Баркі, заходзілі ў хаты, расстрэльвалі ўсіх без разбору. Пасля расправы яны спалілі ўсе дамы разам з людзьмі. Цудам удалося выжыць толькі 23 чалавекам.

Як раз у гэты дзень Марыйка ішла да сястры. Але немец, які стаяў у ачапленні, не пусціў дзяўчынку і тым уратаваў ёй жыццё. Калі Марыйка трапіла праз нейкі час у вёску, там яна ўбачыла толькі абпаленыя чалавечыя косці.

Страшная праўда вайны — трагедыя спаленых вёсак — увасоблена ў мемарыяльным комплексе ў Кіраўскім раёне, які варта наведаць кожнаму, каб атрымаць урок гісторыі і пазнаёміцца з почаркам нацызма.

Паэма “Марыйка”, па прызнанню аўтара, гэта не толькі рэквіем загінуўшым мірным жыхарам, яна яшчэ і пра сілу чалавечага духу, сілу пераадольвання, калі чалавек, выведзены за межы магчымага, можа вярнуцца да жыцця. Марыйка знайшла сілы пераадолець адчай і адзіноту, боль за страту родных, за згубу ні ў чым не павінных людзей.

“Чалавекам чалавека дзелае любоў — да жыцця, да Радзімы, да Бога”, — гэта упэўненая пазіцыя аўтара і патрыёта сваёй Радзімы Алеся Казекі. Ён лічыць, што Свет павінен быць пабудаваны на гармоніі і духоўнасці, на любові да сваёй зямлі, да родных, да ўсяго таго, што належыць нам па праву нараджэння. Задумацца над гэтым і заклікаюць яго паэмы, якія сталі асновай пастаноўкі і патрыятычнага праекта.

Пасля прагляду спектакля мне ўдалося пагутарыць з вучнямі і ўзнаць іх думкі.

“Спектакль – цудоўны, ён захоплівае цалкам і ўражвае да слёз. Кранае ўсё: і ігра акцёраў, і задума пастаноўшчыкаў, і змест паэм. Такія факты, такая праўда пра вайну нікога не можа пакінуць раўнадушным”, — падзялілася ўражаннямі Ганна Грынёва, вучаніца 9 класа ДУА “САШ г. п. Краснаполле”.

“Калі так жудасна становіцца ад выстралаў на сцэне, ад бесчалавечных дзеянняў карнікаў, сыграных акцёрамі, то  нават цяжка ўявіць, якімі жудаснымі могуць быць рэаліі вайны. Як добра, што мы жывём у мірнай краіне, і дзякуй усім тым, хто адстаяў мір і хто клапоціцца аб яго захаванні – і нашаму народу, і нашаму Прэзідэнту”, — гэта думка Ганны Раманенка, вучаніцы 8а класа УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія”.

На пытанне “Ці варта хадзіць на такія спектаклі” дзеці дружна адказалі: “Канешне!”. Прызнаюся, што можна было і без пытанняў адчуць той стан, якім была ахоплена аўдыторыя гледачоў і слухачоў – у асноўным маладзёвая. Ён шмат каштуе, той момант, калі без заклікаў і прапаноў, а ў сілу душэўнага парыву ўся зала паднялася, аб’яднаная адным пачуццём. Спектакль нікога не пакінуў раўнадушным.

Асноўныя персанажы на сцэне – моладзь, і гэта яшчэ адна каштоўнасць праекта “Голас роднай зямлі”.

Сваімі ўражаннямі аб праекце падзялілася В. У. Басарымава, завуч ДУА “САШ г. п. Краснаполле” і падзякавала аўтару, артыстам і кіраўніку пастаноўкі, якія паклапаціліся аб спалучэнні слова, музыкі, песні, пластыкі, харэаграфіі. Педагог лічыць, што пастаноўка валодае моцнай сілай уздзеяння, што на такіх творах і трэба выхоўваць моладзь.

Выказваючы словы падзякі, А. І. Чаюкова, намеснік старшыні Краснапольскага райвыканкама, уручыла аўтару паэм Алесю Казеку сімвалічны керамічны сувенір, зроблены краснапольскімі майстрамі РДР, пад назвай “Дрэва Жыцця”.

Напрыканцы мне хочацца працытаваць словы аўтара:

Мы, нашчадкі святла і вясны,
Перад продкамі схілім калені.
Скажам “Не!” – ашуканству вайны
Дзеля жыццяў усіх пакаленняў.
Скажам “Так” – каб сады расцвілі,
Каб іскрылася шчасцем дзяцінства,
Скажам “Так” – каб у сэрцах жылі
Радасць, згода, спакой і адзінства.                 
(пераклад рускай мовы дзяцей на беларускую зрабіў аўтар артыкулу).        

   Валянціна Марчанка.

Поделиться с друзьями
5 994 просмотров