У іх перамогах – культурны патэнцыял раёна

Як вядома, конкурсны і фестывальны рух у сферы культуры спрыяе забеспячэнню якаснага дасуга насельніцтва, фарміраванню турыстычнай прывабнасці рэгіёнаў, развіццю творчага культурнага патэнцыялу, усталяванню зносін.

Творчыя калектывы ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна” імкнуліся да ўдзелу ў такіх фестывалях і конкурсах бліжэйшых рэгіёнаў. Толькі за апошнія дні нашым майстрам рамёстваў і песенным калектывам давялося стаць удзельнікамі фестываляў “Гаспадарчы сыр”, “Спас – усяму час” у Слаўгарадскім раёне, “Льняная карусель” у Кармянскім раёне Гомельскай вобласці. І не толькі пабываць, а значна папоўніць скарбонку ўзнагарод, што пацверджвае выканальніцкі ўзровень і мастацкую якасць твораў.

Дыпломам 1-й ступені ў конкурсе “Спас – усяму час” у намінацыі “Лепшы выканаўца народнай песні” адзначана Алена Трафімава, салістка РЦК, кіраўнік народнага ансамбля народнай песні “Шчадрэц”.

Адразу ў некалькіх намінацыях гэтага конкурсу прынялі ўдзел спевакі народнага клуба ветэранаў “Дабрыня” (кіраўнік Л.В. Вараб’ёва) і прывезлі адразу шэсць дыпломаў! Дыпломамі 3-й ступені ўзнагароджаны клуб “Дабрыня” і яго індывідуальныя выканаўцы – Алена Васіленка і Надзея Патапенка. Дыпломамі 2-й ступені адзначаны Ларыса Вараб’ёва ў намінацыі “Лепшы саліст-фалькларыст” і творчая група клуба “Дабрыня” у складзе Аляксея Андрыянава, Надзеі Патапенка і Алены Васіленка – у намінацыі “Лепшы вакальны калектыў народнай песні”. Адным словам, “не старэюць душой ветэраны”.

Разнастайнасць тэхнік, выкарыстаных матэрыялаў і якасць рамесных вырабаў дэманструюць на святах і фестывалях майстры Краснапольскага РДР (загадчык В.В. Маскалькова).

Сваім рамесным майстэрствам і вырабамі з талашу (кукурузных лістоў) уражваюць аматары народнай творчасці Яноўскага СДК Людміла Крапіўніцкая і Тамара Яфімчык. Не так даўно яны разам з майстрамі РДР прынялі ўдзел у раённым фестывалі “Льняная карусель”.

Прэзідэнт краіны ў размове па пытаннях аховы нацыянальнай спадчыны адзначаў: “Мала берагчы і ахоўваць, трэба актыўна прасоўваць айчыннае, роднае”.

На гэта і накіравана дзейнасць спецыялістаў ДУК “ЦКС Краснапольскага раёна”.

У верасні плануецца правядзенне рэгіянальных фестываляў “Тэатральныя вечарыны” і “Краснапольскі глечык”, V-х рэгіянальных краязнаўчых чытанняў “Мой край: вядомы, невядомы”, раённага творчага конкурсу “Краснапольшчына ў сэрцы маім” да дня вызвалення раёна і рэгіянальнага шматжанравага конкурса “Прыгарні ты да сэрца Радзіму” да Дня народнага адзінства, правядзенне традыцыйнай святочнай гасцёўні “Нам засталася спадчына” да Дня беларускага пісьменства і інш.

Трэба кульцівіраваць свае святы, фестывалі. Яны даюць магчымасць захоўваць культурныя каштоўнасці, развіваць іх і перадаваць наступным пакаленням.

В. Марчанка.

Поделиться с друзьями
634 просмотров