НЯСТОМНЫ ТВОРЦА ПАЭТЫЧНАЙ НІВЫ

doska3Святкаванне з нагоды юбілею – падзея значная і неардынарная. Тым больш, калі ладзіцца яно ў родных мясцінах чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў ўсхваленню ў вершаваных радках родных палёў, рэчак, бароў і сваіх землякоў – працавітых людзей Краснапольшчыны.
Менавіта такое свята з нагоды 95-годдзя з дня нараджэння слыннага сына краснапольскай зямлі выдатнага беларускага паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, заслужанага работніка культуры Беларускай ССР Аляксея Пысіна ладзілі днямі ў ДУА “Палужскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа”.
Нагадваючы біяграфічныя даныя Аляксея Васільевіча, адзначым, што калісьці ён, вясковы хлопец з Высокага Борку, вучыўся ў гэтай установе адукацыі і скончыў яе ў 1937 годзе.
Вершаванымі радкамі беларускіх аўтараў, прысвечаных Аляксею Пысіну, і вершамі паэта сустракалі ўдзельнікаў мерапрыемства арга-нізатары святкавання юбілейнай даты. Адзначыць гэтую значную па-дзею сабраліся не толькі вяскоўцы, прадстаўнікі настаўніцкай грамадскасці, вучні, але і госці: старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.А. Гоман, намеснік старшыні райвыканкама А.І. Чаюкова, загадчык аддзела краязнаўства пошукавай работы УДА “Магілёўскі абласны цэнтр творчасці” С.А. Хадоркіна.
Каб пабываць на радзіме паэта і падзякаваць людзям, якія ўшаноўваюць памяць аб сваім знакамітым земляку, на краснапольскую зямлю прыехаў сябра, паплечнік і асабісты біёграф Аляксея Пысіна В.І. Арцем’еў.
Урачыста і ўзвышана гучалі словы вядучых падчас адкрыцця мемарыяльнай дошкі, прысвечанай Аляксею Васільевічу Пысіну. Цяпер кожны, хто мусіць пераступіць парог Палужскай школы, сустракаецца з пранікнёным позіркам паэта-земляка, партрэт якога адлюстраваны на мемарыяльнай дошцы ля ўваходу ва ўстанову адукацыі.
Свята прадоўжылася экскурсіяй у літаратурным музеі А.В. Пысіна, дзе яго ўдзельнікі мелі магчымасць азнаёміцца з экспанатамі і даведацца пра жыццёвы і творчы шлях чалавека, апантанага любоўю да роднага краю і яго людзей.
Не лішнім будзе дадаць, што напярэдадні юбілейнай даты ў музеі праведзена вялікая работа па эстэтызацыі яго экспазіцый, абнаўленню стэндаў і стэлажоў. Былі праведзены і адпаведныя рамонтныя работы, што, безумоўна, надало школьнаму музею больш сучасны выгляд і сістэматызавала экспанаты, у ліку якіх — і асабістыя рэчы Аляксея Васільевіча.doska1
Дарэчы, экскурсанты мелі магчымасць упэўніцца, наколькі трапятліва і беражліва адносяцца ў школе да кожнага ліста, кожнай кнігі паэта. Усё гэта дае падставу верыць, што і праз 20, і праз 50 год памяць пра паэта-земляка будзе захоўвацца на яго малай радзіме. А яго творы застануцца для нашчадкаў крыніцай жыццёвай праўды і мудрасці.
Нетаропкі аповед дырэктара школы Л.М. Пшанічнікавай аб тым, як рос і сталеў, вучыўся будучы беларускі паэт, нібыта пераносіў прысутных у атмасферу тых далёкіх гадоў, дзе вось тут, на прасторах краснапольскай зямлі, прайшлі дзяцінства і юнацкія гады Аляксея Пысіна.
Свае першыя жыццёвыя універсітэты ён пасцігаў ад дзеда Пятра Арцёмавіча Пысіна, маці Хрысціны Рыгораўны, бацькі Васіля Пятровіча. Прагна, нібы губка, упітваў хлапчук жыццёвую мудрасць родных яму людзей, вяскоўцаў, слухаў народныя песні, прымаўкі, казкі. Усё затым стала асновай для развіцця яго паэтычнага таленту, давала падпітку яго творчасці ў сталыя гады.doska4
Імя Аляксея Пысіна цесна звязана з раённым друкам. Яго, студэнта Мінскага інстытута журналістыкі, як і іншых студэнтаў-журналістаў, напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны датэрмінова накіравалі на працу ў павятовую, а затым у раённую газету г. Бельска, што пад Беластокам. А пасля вайны Аляксей Васільевіч працаваў у краснапольскай раённай газеце, у Стаўбцоўскай і быў рэдактарам чэрыкаўскай раёнкі.
Героікай франтавых будняў, лірызмам і замілаванасцю прыроднай прыгажосці была пранікнута літаратурна-музычная кампазіцыя, прысвечаная 95-годдзю паэта. Нібы гімн роднаму краю, з дзяцінства мілым мясцінам гучала пад школьнымі скляпеннямі песня на словы Аляксея Васільевіча пра Краснаполле. А затым вучні і госці свята шчыра і пранікнёна чыталі пысінскія вершы, якія ён прысвяціў такім навакольным вёскам, як Жалез-ніца, Касцягаўка, Горна, роднай матчынай мове, неабсяжным краявідам малой радзімы, падзеям Вялікай Айчыннай вайны і мірнай будучыні сваіх суайчыннікаў. Удала ўплеценыя ў паэтычную канву беларускія народныя песні, аповед аб жыццёвых шляхах-дарогах знакамітага земляка стварылі атмасферу еднасці, непарыўнай сувязі тых далёкіх гадоў дзяцінства, юнацтва, сталасці Аляксея Пысіна з днём сённяшнім, адгукаліся ў сэрцы ўдзячнасцю і цеплынёй.
У кожнае слова ўслухваліся ўдзельнікі святкавання, калі да мікрафона выйшаў сябра паэта В.І. Арцем’еў. Жаданне данесці да суайчыннікаў светлы вобраз Аляксея Васільевіча такім, якім ведаў яго сам Віктар Іванавіч пры жыцці на працягу амаль 26 гадоў, дае моцы і сёння, яму, чалавеку сталага ўзросту, несці людзям праўду пра нястомнага творца паэтычнай нівы – Аляксея Пысіна.
Віктар Іванавіч – аўтар некалькіх кніг пра паэта, многія з якіх багата ілюстраваны. У якасці падарунка ён прывёз дзве свае новыя кнігі і прыпаднёс іх музею і школе з надзеяй, што іх, як і вершы паэта, будуць чытаць, каб болей ведаць пра земляка.doska6
Шчыра віталі ўдзельнікаў свята старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.А. Гоман, загадчык ад-дзела краязнаўства і пошукавай работы УДА “Магілёўскі абласны цэнтр творчасці” С.А. Хадоркіна, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму С.А. Сыранкоў і падаравалі школе з нагоды юбілею каштоўныя падарункі і сувеніры.
Нямала добрых слоў у той дзень прагучала ў адрас арганізатараў мерапрыемства і ўсіх, хто мае дачыненне да захавання спадчыны Аляксея Пысіна. Атрадна тое, што на працягу многіх дзесяцігоддзяў мацнее цяга землякоў Аляксея Васільевіча да вывучэння творчасці паэта, і ўсё болей юных прыхільнікаў яго паэтычнага таленту адкрываюць зборы яго твораў.

Тамара БРАТАЧКІНА.
Фота Аляксандра ДАНЧАНКІ.

Поделиться с друзьями
317 просмотров