Дачка ратавальніка распавядае пра сакрэты прафесіі свайго бацькі

Мы вучым гэтаму дзяцей і самі памятаем са школы: практычна ў любой бядзе – пажар,  патоп, ураган, падзенне дрэваў, зніклы ў лесе грыбнік, знянацку «выяўленае» асінае гняздо, немагчымасць самастойна выбрацца з металічных і іншых канструкцый, разбіты градуснік, – набіраем «101» і клічам на дапамогу ратавальнікаў. Толькі летась, паводле ведамаснай статыстыкі, амаль 34 тысячы разоў баявыя падраздзяленні выязджалі на пажары і больш як 123,5 тысячы разоў аказвалі дапамогу і ліквідавалі наступствы надзвычайных сітуацый, выратаваўшы жыцці больш як 12200 чалавек. З пачатку гэтага года выратаваны і эвакуіраваны ў бяспечныя месцы 629 чалавек.

Гэта наглядныя вынікі працы выратавальнікаў. А вось пра яе ўнутраны бок, штодзённы змест і героя ўнутры сябе «СГ» распытала чарговых герояў рубрыкі. Знаёмцеся: старшы прапаршчык унутранай службы, начальнік ПАВП-11 в. Горы Краснапольскага РАНС Ягор Крыжэўскі і яго дачка, дзевяцікласніца Аліна.

– Ці ведаеш гісторыю, чаму тата стаў ратавальнікам?

Аліна: Па-першае, у яго дзядуля працаваў таксама ратавальнікам, таму, пэўна, тата вырашыў захаваць сямейныя традыцыі. А па-другое, на мой погляд, гэта прафесія яму вельмі пасуе: ён рухавы, энергічны, яму падабаецца дапамагаць людзям... Нават не ўяўляю, кім бы яшчэ ён быў, калі б не стаў пажарным.

Ягор Васілевіч: Гэта было вельмі даўно, у 1993 годзе я вярнуўся з арміі, спачатку працаваў у калгасе, а потым сустрэў аднакласніка, які працаваў у пажарнай часці, і якраз туды набіралі людзей. Я спачатку трапіў туды, потым служыў у ваенізаванай пажарнай ахове, а пазней якраз стварылі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, куды ўвайшла і пажарная служба. Была магчымасць атрымаць профільную вышэйшую адукацыю, але я ўжо быў жанаты, дачка маленькая, таму вырашыў: камусьці  ж трэба і працаваць, пакуль іншыя вучацца. Так і працую – дыспетчарам, камандзірам аддзялення, а апошнія некалькі гадоў начальнікам пажарнага аварыйна-ратавальнага паста ў аграгарадку Горы Краснапольскага раёна.

Раней Ягор Васілевіч удзельнічаў у спаборніцтвах па пажарна-ратавальным спорце і ставіў асабістыя рэкорды на стаметровай паласе перашкод і ў вертыкальным бегу па штурмавой лесвіцы. «Наогул, трэніроўкі, аварыйна-выратавальная падрыхтоўка ў пажарных праходзяць штодня – займаемся ў дымакамерах, адпрацоўваем баявое разгортванне, само сабой, лесвіцы... Бо ўвесь час трэба быць у форме, за хвіліну сабрацца і выехаць на выклік, і калі да нарматыву табе секунды не хапае, сем патоў сыдзе, пакуль навярстаеш», – усміхаецца ратавальнік.

– Гаворым «пажарны» – уяўляем чырвоную машыну, якая з трывожным гудком і мігалкамі імчыць на выклік... Што самае складанае ў прафесіі ратавальніка?

А.: Думаю, складанасць у тым, каб хутка адрэагаваць на надзвычайную сітуацыю. Трэба ўмець імкліва ацэньваць абстаноўку, каб зразумець, куды выцягваць людзей, куды адбегчы самому і накіраваць іншых... І, натуральна, складана, але абсалютна неабходна не баяцца, быць моцным духам.

Я. В.: Складанасць у тым, што загадзя немагчыма ведаць, колькі выклікаў будзе і якія надзвычайныя сітуацыі здарацца. Калі прыязджаеш на месца, дзейнічаеш па абставінах: трэба ратаваць – значыць, ратуем, тушыць – значыць, тушым. Цяжка бывае, калі выязджаем у вёскі, дзе мясцовыя жыхары насуперак усім папярэджанням нашай інспекцыі, інфармацыі ў СМІ, тлумачэнням ад сельсаветаў паляць смецце і сухую траву – тут самае галоўнае, не даць распаўсюдзіцца агню. Часта са шкадаваннем і болем гляджу на адселеныя пасля аварыі на ЧАЭС вёскі – пажылыя людзі яшчэ помняць, як працавалі крамы і дзе хто жыў, а сёння іх з аднаго боку паглынае бур’ян і малады лес, а з другога – калі пачынаюцца веснавыя палы, то такія закінутыя тэрыторыі і хаты згараюць дашчэнту... Вельмі актыўна вядзём прафілактычную работу, тут таксама свае асаблівасці: калі ставіш якой бабулі пажарны апавяшчальнік, то яна не супраць, а як у ім батарэйка садзіцца ці пыл заб’ецца і прылада пачынае пікаць, спалоханыя бабулі тэлефануюць: «Нешта з ім здарылася!» Дык схадзіце, кажу, да суседа, каб памяняў батарэйку. «Вы ставілі, вы і мяняйце!».

...Ва ўласнай кватэры Яўген Крыжэўскі паставіў апавяшчальнік адным з першых, як толькі ў нас пачалі выпускаць гэтыя прыборы. І, вядома, навучыў жонку і абедзвюх дачок, як трэба дзейнічаць у небяспечных сітуацыях – прычым, вучыў строга, не для галачкі. «У нашага таты любімае слова – «дысцыпліна», – усміхаюцца дамашнія, але пагаджаюцца, што такі парадак насамрэч дзейсны. Аліна, напрыклад, аднойчы разам з сястрой патушыла пажар да прыезду МНС – дзяўчаты заўважылі, што ля дома бабулінага суседа нешта дыміцца, не разгубіліся, паклікалі старэйшых, выклікалі пажарных і пабеглі да бочкі пад вадасцёкам, пачаўшы самастойна заліваць агонь, таму агонь пашкодзіў толькі веранду.

А.: Тата навучыў: галоўнае – не панікаваць, помніць парадак дзеянняў: што адразу трэба выключыць, што можна патушыць самому, а калі ты нешта забыўся ці не ўпэўнены – крычаць, клікаць на дапамогу, грукаць у вокны і, калі ёсць магчымасць, адразу тэлефанаваць на 101 ці 112.

Ягор Васілевіч прытрымліваецца прынцыпу не несці працу дадому, але блізкія, безумоўна, ведаюць і разумеюць, што ён кожны дзень напагатове і рызыкуе жыццём. «Бывала, прыходзіў са змены наскрозь мокрым, нават з абледзянелымі пяткамі», – уздыхае жонка Таццяна і ўспамінае, як напрыканцы 90-х брызентавая форма на марозе літаральна станавілася колам, так што без яе дапамогі немагчыма было зняць. Здараліся ў працы і чорныя дні з гібеллю людзей, пра якія не тое што дамашнім не раскажаш, а толькі моліш вышэйшыя сілы: хоць бы ніколі такое не паўтарылася! Але чалавечая памяць учэпістая, і ў Краснаполлі не толькі ратавальнікі, а многія жыхары пасёлка не могуць забыць трагічны студзеньскі дзень 2004-га, калі абрынулася школьная столь, абарваўшы жыцці траіх вучняў-падлеткаў і настаўніка фізкультуры...

– Ратавальнікі прымхлівыя? Ці ёсць якія-небудзь завядзёнкі і рытуалы, каб змена прайшла спакойна?

Я. В.: Рытуалаў не ўзгадаю, а вось прыкметы некаторыя спрацоўваюць. Скажам, калі выдалі нам новенькую форму – неўзабаве чакай выкліку, бо трэба ж яе праверыць у справе. А наогул, шчыра кажучы, многія рэчы інакш як шчаслівым выпадкам ці цудам і не назавеш. Вось прыехалі мы на адзін выклік у вёску, гарыць дом, гляджу – дзверы зачынены на амбарны замок. Я амаль машынальна яго пакруціў і спытаў: «Гаспадары дома?» А з-за дзвярэй раптам слабенькі голас: «Я тут, дапамажыце!» Аказваецца, сваякі зачынілі ў доме старэнькую бабульку, каб яна каго ліхога не ўпусціла ці сама шкоды не нарабіла. Але ж мы маглі і не здагадацца, проста мяне штосьці падштурхнула той замок памацаць!.. І яшчэ аднойчы бачыў, як гараць прыбудовы, а бабуля выйшла з іконай і стала маліцца каля дома, каб агонь на яго не перакінуўся; і што б вы думалі – усё навокал згарэла, а дом цэлы. Хіба не цуд?

– Самы прыемны бок працы ратавальніка – гэта...

А.: Калі ты насамрэч разумееш, што ўсё ў парадку, ты паспеў, людзей удалося выратаваць. Значыць, усе намаганні былі не дарэмныя, і людзі табе ўдзячныя.

Я. В.: У любым выпадку трэба ўсё паспець і ліквідаваць надзвычайную сітуацыю, не адкладваючы на «потым», у гэтым і ёсць наша праца – і ўдзень, і ўначы. Але праўда, прыемна, калі дапамагаем справіцца з пажарам ці, напрыклад, прыбіраем дрэвы, якія падчас штармавога ветру падаюць на хаты ці на двор – і людзі потым прыходзяць і дзякуюць, альбо праз газету кажуць нам цёплыя словы за выратаванне маёмасці і жыццяў блізкіх людзей.

– Калі раптам Аліна вырашыць звязаць лёс з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях, што скажа бацька?

Я. В.: Гэта цалкам яе выбар – калі сама вырашыць, то падтрымаю, прымушаць не буду. Але пакуль што, як ні распытваю, кім хоча стаць, дакладна не кажа.

А.: Мяне прыцягвае журналістыка – ужо спрабавала пісаць артыкулы ў наш раённы «Чырвоны сцяг», думала і над прафесіяй перакладчыка, таму вывучаю паглыблена англійскую мову. Але канчаткова выбар яшчэ не зрабіла, шукаю сябе ў розных сферах. Сёння многія мае аднагодкі хочуць стаць блогерамі ці праграмістамі, а каб працаваць ратавальнікам, трэба мець не толькі выдатную фізічную форму, каб вытрымліваць вялікія нагрузкі, але і моцны характар, стрыжань. На мой погляд, чалавек, які ідзе працаваць у МНС, недзе ўнутры ўжо герой.

– Паспрабуйце апісаць прафесію ў некалькіх словах: якім павінен быць ратавальнік?

А.: Ён мусіць быць моцным ва ўсіх сэнсах, смелым і адважным, а яшчэ дысцыплінаваным.

Я.В.: Хутка і своечасова рэагаваць, аказваць дапамогу тым, каму яна тэрмінова патрэбная. Зразумела, павінна быць і смеласць, а яшчэ, на мой погляд, дабрыня. Калі чалавек ідзе ў ратавальнікі, мала паглядзець з вуліцы за гэтай працай, трэба адчуць яе на сабе. Тыя, хто гоніцца толькі за вялікімі грашыма, не вытрымліваюць і сыходзяць амаль адразу, а вось тыя, хто праходзіць баявую загартоўку і застаецца, – насамрэч нашы людзі.

– Я, мабыць, яшчэ з 2 класа чытаю часопіс «Юны ратавальнік», спачатку тата падпісаўся, потым і сама захапілася, – расказвае Аліна КРЫЖЭЎСКАЯ. – Неяк убачыла на вокладцы – абвешчаны конкурс летніх сачыненняў, сярод прызоў – паездка ў Мінск. Стала цікава, вырашыла не проста напісаць ліст пра свае планы на лета, а аформіць яго маляўніча – усякія там налепачкі, малюначкі, з’ездзіла да таты на працу, папрасіла ў яго калег (мы з імі добра сябруем, і мой хросны разам з татам працуе), каб мяне сфатаграфавалі, здымак надрукавала і таксама далучыла да ліста. Ну і забылася пра гэта з цягам часу. А аднойчы прыйшла дадому і ўбачыла дзясяткі прапушчаных званкоў на дамашні нумар. Не паспела спалохацца, як зноў тэлефануюць: «Вы Аліна? А гэта з часопіса «Юны ратавальнік», вы выйгралі ў конкурсе і атрымалі паездку ў Мінск, трэба ўсё ўзгадніць з вашымі бацькамі». Я скакала і вішчала ад радасці! У паездку ўзялі з сабой малодшую стрыечную сястру, і гэта быў насамрэч цудоўны падарунак для нас абедзвюх...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ.
(газета “Звязда”).

Поделиться с друзьями
195 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.