Народны душою...

Дню печати посвящается

Вясной мінулага года адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння нашага славутага пісьменніка-земляка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Аляксея Васільевіча Пысіна. Да гэтай даты быў прымеркаваны выхад кнігі В.І. Арцем’ева “Народны душою...”. Гэта найбольш поўны летапіс жыцця і творчасці прызнанага Майстра прыгожага беларускага пісьменства, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы Аляксея Васільевіча Пысіна.

З Пысіным Віктар Іванавіч пазнаёміўся ў 1955 г., калі прыехаў працаваць начальнікам Чэрыкаўскага аддзела культуры, а Аляксей Васільевіч там узначальваў раённую газету “Сацыялістычная перамога”. Гэта знаёмства перарасло ў моцнае сяброўства, якое доўжылася чвэрць стагоддзя. Нядзіўна, што ён стаў біёграфам, даследчыкам і прапагандыстам літаратурнай спадчыны А.В. Пысіна.

Кніга “Народны душою...” ўражвае ўсебаковасцю адлюстравання асобы А.В. Пысіна. Ён прадстае перад чытачамі ў першую чаргу як звычайны чалавек, наш зямляк, з якім мы хадзілі па адных сцежках, дыхалі адным паветрам.

У час вайны гвардыі радавы А.В. Пысін без малага чатыры гады штохвілінна рызыкаваў жыццём, набліжаючы перамогу. Ён тонка разумеў псіхалогію чалавека на вайне і як непераўзыдзены майстар слова глыбока перадаў думкі і пачуцці салдата перад цяжкім боем, які можа стаць для яго апошнім:

...Я гляджу на даўняе курганне,
На траву, на рыжых мурашоў.
Ведайце, калі мяне не стане –
Я ў сваю дывізію пайшоў.

Дарэчы, апошнія радкі верша сталі эпітафіяй на помніку паэту-Пысіну.

У кнізе сем раздзелаў, напоўненых багатым біяграфічным, літаратуразнаўчым і краязнаўчым матэрыялам. Са старонак кнігі знаёмімся з радаводам Пысіных і вёскай Высокі Борак, дзе нарадзіўся паэт, і якая стала для яго “вялікім народным універсітэтам з факультэтамі роднай мовы, народнай песні і народнага жыцця”.

Каля дваццаці гадоў Аляксей Пысін працаваў у абласной газеце “Магілёўская праўда”, а да гэтага часу ў Бельскай раённай газеце непадалёку ад Беластока, раёнках Краснаполля і Чэрыкава. Першыя прыступкі да журналістыкі былі зроблены яшчэ ў час вучобы ў Палужскай школе ў 1934 г.: допісы Пысіна, па словах Сцяпана Кухарава, у той час селькора, “вызначаліся вастрынёй зроку, смеласцю і баявітасцю”. Гэтым прынцыпам Пысін-журналіст застаўся верным да канца сваіх дзён.

У 1974—1981 гг. А. Пысін узначальваў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР. Ён так наладзіў выхаванне літаратурнай моладзі, што да яго за парадай ішлі нават з Гомеля і Віцебска.

Клопат А.В. Пысіна-грамадзяніна быў перш за ўсё аб людзях, ён умеў “боль чужы адчуць як свой”. Дапамагаў знаёмым і незнаёмым, заступаўся за іх, у тым ліку праз газету.

Цікавым для чыточоў будзе раздзел “Бібліятэка Пысіна”. За сваё жыццё Пысін сабраў багатую бібліятэку, асаблівую каштоўнаць якой прадстаўляюць кнігі з аўтографамі пісьменнікаў – а іх больш за сто: В. Астаф’ева, Я. Брыля, Р. Барадуліна, В. Быкава, Р. Баравіковай...

Аляксей Пысін вельмі любіў народныя песні, казкі, прыказкі і прымаўкі. Ен напісаў больш дзясятка замалёвак пра самадзейных кампазітараў і выканаўцаў народных песень, прысвяціў верш славутай спявачцы Марыі Пахоменка, радавыя карані якой з краснапольскай вёскі Лютня.

Кніга В.І. Арцем’ева “Народны душою...” – адзінае такога кшталту, грунтоўнасці і значнасці выданне пра слыннага сына Магілёўшчыны А.В. Пысіна, якое займе годнае месца ў літаратурнай спадчыне Магілёўшчыны і Беларусі.

Галіна Дзятлава,
галоўны бібліятэкар Магілёўскай абласной бібліятэкі.

Поделиться с друзьями
433 просмотров