Свята паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну” адбылося на Краснапольшчыне

ІІІ рэгіянальнае свята паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну”, якое дае магчымасць пазнаёміцца з паэтычнай творчасцю тых людзей, для якіх паэзія – важная частка іх жыцця, адбылося 24 верасня на Краснапольшчыне. Радасць паэтычнага свята з прысутнымі раздзялілі начальнік аддзела ідэялагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама С.А. Сазонава, галоўны спецыяліст аддзела ідэялагічный работы, культуры і па справах моладзі М.В. Разгонава, галоўны спецыяліст арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама С.М. Петрачэнка.

Свята пачалося з песні “Краснаполле, маё Краснаполле” ў выкананні хора народнага клуба ветэранаў “Дабрыня” на радкі вядомага беларускага паэта, заслужанага дзеяча культуры БССР, нашага земляка А.В. Пысіна, якому і было прысвечана свята. На мерапрыемстве прысутнічаў госць С.Ф. Агеенка, які сустракаўся з Аляксеем Пысіным. З гэтай нагоды яму было што ўспомніць і падзяліцца з прысутнымі.

Амаль 40 гадоў на базе ДУА “Палужскі ВПК д/сад – сярэдняя школа” існуе літаратурны музей А.В. Пысіна. У гэтай установе ў свой час знакаміты паэт атрымаў сярэднюю адукацыю. Доўгі час дырэктарам установы адукацыі і кіраўніком музея ў гэтай школе працавала Л.М. Пшанічнікава. Лідзія Мікалаеўна распавяла, што спачатку музей знаходзіўся ў невялікім пакойчыку. Яна працавала над аднаўленнем і папаўненнем фондаў. Праз некаторы час з’явілася магчымасць размясціць музей у асобным пакоі, а потым – правесці яго рэканструкцыю. Музей увесь час абнаўляецца: з’яўляюцца новыя экспанаты, удасканальваюцца ранейшыя экспазіцыі, нават змяняецца канцэпцыя некаторых з іх.

Упершыню ўдзельнікамі свята сталі майстры паэтычнага слова з суседніх раёнаў Магілёўскай вобласці. Свае вершы ў гэты дзень чытала член Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Союз писателей и мастеров искусств”, аўтар 6 зборнікаў вершаў, паэтэса са Слаўгарадскага раёна В.С. Стасенка. Яе паэтычныя творы размешчаны не толькі на старонках перыядычнага друку, але і ў літаратурных зборніках і міжнародных альманахах.

На Касцюкоўшчыне існуе народнае аматарскае аб’яднанне “Літаратурная гасціная “Крынічка”. На мерапрыемстве прысутнічала кіраўнік гэтага аб’яднання І.У. Коршунава, а таксама дзве паэтэсы, уражэнкі касцюковіцкай зямлі, удзельніцы гэтага народнага аматарскага аб’яднання. Завіталі на свята і падзяліліся сваімі творчымі знаходкамі член Саюза пісьменнікаў Беларусі Н.П. Азаранка і чалавек з творчай душой, аўтар і выканаўца гумарыстычных вершаў і баек С.В. Даськова.

Паэтычныя таленты Клімаўшчыны на свяце прадставіла аўтар больш за 300 паэтычных работ і кнігі “Жыццё – спрадвечная дарога” Г.І. Цыганкова.

Дэлегацыі з суседніх раёнаў вобласці ўзначальвалі кіраўнікі і спецыялісты ўстаноў культуры. Ад іх імя з добрымі пажаданнямі выступіла дырэктар Клімавіцкай бібліятэчнай сеткі Т.П. Даменікан.

Наша зямля спрадвеку славіцца сваёй шчодрасцю на таленавітых людзей. Свае вершы на свяце чыталі кіраўнік народнага паэтычнага аб’яднання “Світанак”, таленавітая паэтэса, аўтар кнігі “Вам сваю завяшчаю любоў”, лаўрэат прэміі імя А.В. Пысіна і шматлікіх узнагарод за поспехі ў паэтычнай творчасці В.А. Марчанка; член народнага паэтычнага аб’днання “Світанак”, таленавіты самабытны паэт С.М. Сыранкоў; бібліятэкар Ленінскай сельскай бібліятэкі, удзельнік народнага аматарскага аб’яднання “Світанак” Г.М. Каваленка; настаўнік ДУА “Горскі ВПК д/сад – базавая школа”, паэт М.Д. Шпунтоў; мясцовы паэт, удзельнік шматлікіх літаратурных конкурсаў, вечароў паэзіі, член аматарскага аб’яднання “Світанак” Д.У. Кустаў; маладая паэтэса А.В. Амельчанка, якая з’яўляецца членам аматарскага аб’яднання “Світанак”; малады паэт А.Л. Войтаў і таксама самая маладая ўдзельніца свята, вучаніца 11 класа УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія” М. Шалыгіна.

Не ўсе ўдзельнікі свята змаглі прыехаць на мерапрыемства, але дзякуючы тэхнічным сродкам прысутныя пазнаёміліся з творчасцю ўражэнкі г.п. Краснаполле (зараз жыве і працуе ў г. Горкі) Т.А. Гаўрыленкі, аўтара 3 кніг, якія папоўнілі фонд раённай бібліятэкі; паэта з Краснагорскага раёна Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі У.А. Канстанцінава, вершы якога прагучалі на свяце ў выкананні бібліятэкара Краснагорскай міжпасяленчаскай цэнтральнай раённай бібліятэкі С. Сенчык.

На добры ўспамін аб свяце яго ўдзельнікам былі ўручаны зборнікі вершаў “Паэтычная скарбонка”. Спадабаўся прысутным музычны падарунак ад настаўнікаў ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г.п. Краснаполле”.

Пасля таго, як удзельнікі свята паэзіі падзяліліся сваімі творчымі паэтычнымі дасягненнямі, адбыліся паэтычныя выступленні ўсіх жадаючых. Свае вершы прачытала С.М. Петрачэнка.

Свята паэзіі прайшло ў межах Тыдня кнігі, прысвечанага 70-годдзю Краснапольскай дзіцячай бібліятэкі. Дырэктар ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Краснапольскага раена” А.М. Раманенка павіншавала калег с гэтай датай і ўзнагародзіла падарункам і граматай за шматгадовую добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё бібліятэчнай справы ў раёне Л.М. Шаршневу.

Начальнік аддзела ідэялагічнай работы, культуры і па справах моладзі С.А. Сазонава ўручыла падзякі паэтам за актыўны ўдзел у III рэгіянальным свяце паэзіі “Вянок Аляксею Пысіну”.

Свята скончылася цудоўнымі радкамі аднаго з вершаў А. Пысіна:

“Пойдзем не ад людзей – да людзей.
Мы радкі пакідаем з жывымі,
І паслужаць яны сувязнымі
Нашых дум і сумленных надзей”.

Словы ўдзячнасці гучалі ў адрас гасцей за цікавыя ўспаміны і шчырыя пажаданні, а паэтам – за вершы, якія склалі сапраўдны вянок нашаму знакамітаму земляку.

Тэкст і фота Ірыны МАЛІНОЎСКАЙ.

Поделиться с друзьями
587 просмотров