“Горскім харашухам” – 20!

Так – так. Нядаўна “Горскія харашухі”, гэты вядомы на Краснапольшчыне і за яе межамі народны фальклорны ансамбль адзначыў свой юбілей. А споўнілася яму 20 год. З гэтай нагоды ў раённым Цэнтры культуры і вольнага часу адбылося святочнае мерапрыемства, ладзіў якое названы калектыў на тэматыку “Спяваем песні з сялянскіх хат”.

Народныя песні, нашыя даўнейшыя, яны не могуць не закрануць душу, бо ў іх – краса жывая, несмяротная. Яны насычаюць сэрца любоўю да роднай зямлі, роднай мовы. І таму нездарма ёсць сцвярджэнне, што каб лепш ведаць народ, трэба пачуць яго песні.

На юбілярны канцэрт “Горскіх харашух” прыйшло нямала гледачоў, паклоннікаў народнай песні і, адпаведна, іх творчасці. І я не сумняваюся, што яны атрымалі сапраўднае задавальненне.

“Ой, паходжана”, “Церніца”, “У зялёную дубраву”, “А дзе ж тая крынічанька” – гэтыя і іншыя песні гучалі са сцэны ў выкананні фальклорнага калектыву. І кожная будзіла ў сэрцы свае адгалоскі.

Як жа нарадзіўся на вёсцы такі таленавіты калектыў? Якая гісторыя яго развіцця? Аб гэтым слухачам распавядала яго мастацкі кіраўнік Валянціна Аляксандраўна Марчанка. Як прагучала, сабраліся жанчыны разам у 1989 годзе. Спачатку ладзілі святы і канцэрты ў сваёй вёсцы, сваім раёне. Але ўжо ў 1991 годзе калектыў прыняў удзел у занальным аглядзе-конкурсе ў г. Клімавічы, і галасы спявачак прагучалі па радыё ў праграме “Спадчына”. У іх выкананні прагучала старадаўняя песня “Як паехаў мой мілы ў дарогу”. А ў 1993 годзе калектыў стаў лаўрэатам конкурса народнай музыкі і песні ў п.Аўсянка Горацкага раёна. На той час у іх ужо быў багаты рэпертуар. Складаўся, як кажуць у народзе, з “голасных” песень, такіх як “Дзяўчоначка незамужняя”, “Узыйдзі, месячэнька, за камораю”, “Адзін месяц усходзе”, “Вецер вее…” і г.д. Ну і, безумоўна, былі вясёлыя і бадзёрыя:    “Чапурушачка”, “Марычка” і інш. Яны таксама знайшлі адлюстраванне і на юбілейным канцэрце.

Наступныя гады былі адметныя асаблівым уздымам творчасці “Горскіх харашух”. Так, калектыў заўважылі не толькі на абласным, але і рэспубліканскім узроўні. У 1996 годзе пасля сур’ёзных адборачных тураў ён удзельнічаў у рэспубліканскім фестывалі чарнобыльцаў “А жыць будзем” у г. Мінску. А ў 1997 годзе ансамбль атрымаў званне “народны” і замацаваў за сабой назву “Горскія харашухі”.

Апошнюю дало само жыццё. Куды ні паедуць, людзі аб іх спевах адгукаюцца, маўляў, ой, як хораша. Горскія – дык гэта адказ на іх пытанне: “Адкуль такія?”

І як бы ў пацвярджэнне сваёй назвы ў 1998 годзе “Горскія харашухі” вяртаюцца з Першага Усебеларускага фестывалю “Беларусь – мая песня” лаўрэатамі і дыпламантамі І ступені.

Менавіта з тых часоў, як удакладніла для гледачоў В.А. Марчанка, на доўгія часы візітнай карткай калектыву стала знакамітая песня “Суша-груша”. У той вечар яна, як падарунак, прагучала ў выкананні ансамбля для былой загадчыцы раённага аддзела культуры Т.У. Фядосенка, з падтрымкай якой “Горскія харашухі” прайшлі адзначаны і багаты на падзеі творчы шлях. Тамара Уладзіміраўна, у сваю чаргу, падрыхтавала свой сюрпрыз для дарагога ёй ансамбля. Гэта былі не толькі шчырыя словы ўдзячнасці, віншаванняў і пажаданняў, але і песня “Посидим по-хорошему”.

Сваю ацэнку калектыву выказала на святочным мерапрыемстве начальнік раённага аддзела культуры А.М. Раманенка. У сваёй прамове Алена Міхайлаўна дала адзнаку рэпертуару ансамбля. У прыватнасці, адзначыла, што “Горскія харашухі” – адзін з нямногіх на Краснапольшчыне калектываў, якім па праву можна ганарыцца не толькі краснапальчанам, але і ўсёй Магілёўскай вобласці.

Пацвярджэннем сказаных слоў служыць багатая наступнымі паспяховымі выступленнямі гісторыя ансамбля. Гэта і выступленне ў рэспубліканскіх святах “Дажынкі” ў Шклове і Бабруйску, і ўдзел у другім этапе рэспубліканскага фестывалю “Беларусь – мая песня”, і ўдзел у рэспубліканскім Дні пісьменства ў г. Мсціслаўлі і інш. А ў ліпені мінулага года “Горскія харашухі” дастойна прадставілі не Краснапольшчыну, Магілёўскую вобласць (!) у рамках творчай справаздачы Магілёўскай вобласці ў г. Мінску. У кастрычніку ўдзельнічалі ў “Горадзе майстроў” у Магілёве. Ды і так было шмат выступленняў у межах раёна і па-за іх: на Дрыбіншчыне, у суседнім расійскім Краснагорскім раёне.

“Мяне заўсёды здзіўляла, — дзялілася з залай сваімі думкамі А.М. Раманенка, -- калі слухала “Горскіх харашух”, наколькі яны трапятліва адносяцца да таго песеннага рэпертуару, які выконваюць. Толькі ўявіце сабе: гэтыя песні гучалі гадоў сто назад. І зараз яны гучаць так жа, як спявалі нашы продкі. Гэта цудоўна”.

Паведаміла і аб тым, што зараз аддзел культуры хадайнічае перад упраўленнем культуры аблвыканкама па прысваенню статусу духоўнай каштоўнасці ўсяму песеннаму рэпертуару ансамбля. Адзначыла і выхаваўчы ўплыў ансамбля на падрастаючае пакаленне ды і дарослае насельніцтва.

Дык хіба можна не ганарыцца такім калектывам? А віншаваннем “Горскім харашухам” ад А.М. Раманенка сталі не толькі шчырыя словы пажаданняў, але і песня.

Асобнае месца на мерапрыемстве было адведзена прадстаўленню мастацкім кіраўніком, Валянцінай Аляксандраўнай, удзельнікаў фальклорнага ансамбля. З асаблівай цеплынёй, павагай і гонарам яна пазнаёміла залу са спявачкамі. А ветэраны калектыву, а гэта Лідзія Кузьмінічна Магілеўцава і Вера Пятроўна Картузова, ад сваіх сябровак атрымалі на памяць жартоўныя пасведчанні аб тым, што ім прысвойваюцца званні “Пеўчая канарэйка” і “Пеўчы салавей” адпаведна.

Песняй віншавалі “Горскіх харашух” і самадзейныя артысты раённага Цэнтра культуры і вольнага часу.

Даніну павагі прыйшоў аддаць і фальклорны ансамбль “Крынічка” – малодшы састаў “Горскіх харашух”, творчасці якога ўжо 15 гадоў.

Не засталіся ў баку і госці мерапрыемства. Так, з 20-гадовым юбілеем “Горскіх харашух” віншаваў начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама У.А. Піванаў. “Самае галоўнае, — звярнуўся ён да калектыву, — што вы не толькі збераглі ўсё, што было, але і шукаеце штосьці новае, заўсёды ў творчым пошуку. Таксама прыемна бачыць і чуць, што вы не толькі займаецеся самі, але і гадуеце сабе змену…”. І, як адзначыў, у справе шмат чаго залежыць ад кіраўніка, у даным выпадку ад В.А Марчанка. Уручыў ёй ад імя райвыканкама дыплом, падарунак і кветкі.

У свою чаргу Валянціна Аляксандраўна ад імя “Горскіх харашух” і сябе асабіста выказала падзяку за падтрымку многім: кіраўніцтву раёна ў асобах старшыні райвыканкама А.А. Ветошкіна і яго намесніка Т.Ф Каваленкі, а таксама Ф.Ф. Ганчарову, І.Н. Шмідавай, В.І. Цвятковай. Добрым словам успомніла С.Я. Казлова і іншых людзей. І, безумоўна, вялікае дзякуй выказала ўсім паклоннікам творчасці калектыву, гледачам, якія прыйшлі на канцэрт. “Таму што пакуль ёсць вы, — звярнулася да залы В.А. Марчанка, — дагэтуль існуём і мы, бо ёсць каму спяваць”.

…І гучалі песні, і здавалася, што над усім краснапольскім краем лунаюць галасы “Горскіх харашух”. Дык спявайце яшчэ доўгія гады!

Дзіна МАНЬКО.

Поделиться с друзьями
229 просмотров

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.