Нязгасная зорка беларускай зямлi

14 снежня ў маладзёжнай прасторы “РаЗАм” для навучэнцаў УА “Краснапольская раённая дзяржаўная гімназія” адбылася гадзіна літаратурнага партрэта, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Максіма Адамавіча Багдановіча. Арганізатар мерапрыемства – цэнтральная раённая бібліятэка імя М. Ткачова.

У гісторыі амаль кожнай нацыянальнай паэзіі ёсць вялікія асобы, жыццё якіх, як легенда, а імёны – сімвалы таленавітасці, шчырасці, самаахвярнасці. У нас, у беларусаў, – гэта Максім Багдановіч, чалавек незвычайнага таленту і незвычайнага лёсу. Ён нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў старажытным Мінску. Але яму было наканавана кароткае зямное жыццё і вечнасць у мастацкім слове (памёр ва ўзросце 25 гадоў). М. Багдановіч застаўся ў беларускай паэзіі зоркай першай велічыні. Яго класічную спадчыну мы сёння ўздымаем нароўні з векапомнай творчасцю Я. Купалы і Я. Коласа.

Пачалося мерапрыемства з меладычнай ноты. Уладзімір Мулявін паклаў на музыку словы верша “Слуцкія ткачыхі” М. Багдановіча. Гэты лірычны твор раскрывае не толькі адну з старонак феадальнага мінулага Беларусі, але і распавядае аб вядомых  ва ўсёй Еўропе золататканых слуцкіх паясах, якія ў 18 ст. выраблялісь беларускімі прыгоннымі сялянамі на радзівілаўскай фабрыцы ў Слуцку.

Спецыялісты бібліятэкі расказалі вучням пра жыццёвы і творчы шлях знакамітага беларускага паэта, прапанавалі ім паглядзець фільм “Максим Богданович: минувших дней очарованье”. Пасля прагляду для школьнікаў была арганізавана літаратурная віктарына “А сэрца імкнецца да бацькоўскага краю”. Удзельнікі паказалі свае веды, даказалі, што добра знаёмы з творчасцю і біяграфіяй паэта. Тыя, хто адказаў на большую колькасць пытанняў, атрымалі падарункі ад арганізатараў.

Падчас мерапрыемства функцыянавала выстава “Нязгасная зорка беларускай зямлі”, якую для дзяцей падрыхтавалі спецыялісты раённай бібліятэкі. На выставе, якая выклікала цікавасць у прысутных, былі прадстаўлены зборнікі вершаў М. Багдановіча, кнігі пра жыццёвы і творчы шлях паэта.

Максім Багдановіч быў надзелены шматгранным талентам, які дазволіў яму паспяхова праявіцца як паэту і празаіку, перекладчыку і крытыку, публіцысту і гісторыку. Яго поўнае неаслабнага гарэння жыццё было і ёсць узор высокага служэння роднай літаратуры, роднаму народу. Яно нагадвае прыклад незгасальнай любові і веры да сваёй Радзімы, сваёй Беларусі.

Ірына МАЛІНОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Поделиться с друзьями
776 просмотров