Навагоднiя сюрпрызы для майстроў Краснапольшчыны

І навагоднія, і калядныя святы ўжо прайшлі, але сюрпрызы і падарункі адшукваюць тых, хто іх заслугоўвае.

Днямі сталі вядомы пераможцы рэгіянальнага (абласнога) конкурсу “Навагодняя фантазія”, арганізатарам якога выступіла УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”.

Конкурс адбываўся ў рамках абласнога навагодняга кірмашу “Зімовыя ўзоры” творчасці майстроў ДПМ Магілёўскай вобласці. У кірмашы прыняў удзел і Краснапольскі РДР.

“Навагодняя фантазія” – гэта конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А сутнасць яго ў тым, каб зрабіць навагоднюю ялінку з любых матэрыялаў і ўпрыгожыць яе рукатворнымі навагоднімі цацкамі таксама з выкарыстаннем любых матэрыялаў і тэхнік.

Трэба сказаць – было на што палюбавацца і чаму падзівіцца, калі конкурсныя ялінкі былі выстаўлены на адкрытай пляцоўцы каля ўстановы, якая выступіла арганізатарам конкурсу.

Краснапольскі РДР таксама прыняў удзел у конкурсе.

Для вырабу сваёй “Беларускай прыгажуні”, як назвалі яе нашы майстры, быў выкарыстаны матэрыял ОСБ. Ялінка была пакрыта зялёнай фарбай, лакам (для трываласці) і шчодра ўпрыгожана навагоднімі “шарамі”. Кожны з такіх элементаў упрыгожвання быў распісан беларускім арнаментам, узятым з “бабуліных куфраў”.

Ідэю такой елкі прапанавала Л.М. Кіркаўцова, майстар РДР, яна і выканала сваю задуму. Журы ў намінацыі конкурсу “Лепшая навагодняя елка” ацаніла работу краснапольскага майстра і ўзнагародзіла Краснапольскі РДР дыпломам 3-й ступені. У намінацыі “Лепшая калекцыя цацак і ўпрыгожванняў” атрыманы дыплом за ўдзел.

Наша краснапольская прыгажуня адметна вылучалася сярод іншых і, між тым, несла асаблівы сэнс – разглядаючы разнастайныя арнаменты на ўпрыгожванні і традыцыйныя знакі, можна было шмат чаго даведацца пра традыцыйныя народныя сімвалы. А кожны народны сімвал – гэта і абярэг, і добры знак – дабрабыту, зямлі, хлеба, цяпла і іншых патрэб нашага народа.

Конкурсная работа патрабавала ад Ліліі Міхайлаўны і адказнасці за захаванасць традыцыйнасці ў арнаментах, і цярплівасці, бо аб’ём работы быў вялікі, і творчасці, і таленту ў роспісу па дрэве, якім яна з задавальненнем і займаецца як майстар РДР.

Яшчэ адной намінацыяй конкурсу была “Прэзентацыя елкі”. Творча падыйшла да гэтай справы метадыст РЦК В.А. Марчанка. Прэзентацыю яна зрабіла ў вершаванай форме, далучыўшы да аповеду творы фальклорнай абрадавай і песеннай спадчыны. Яе прэзентацыйная работа адзначана дыпломам 1-й ступені.

Падобны конкурс УК “Магілёўскі абласны метадычны центр народнай творчасці і культурна-асветнай работы” правёў упершыню. І трэба сказаць, што гэту ідэю можна пераняць і ўвасобіць яе на практыцы ў раёнах вобласці.

Валянціна Марчанка.

Поделиться с друзьями
1 314 просмотров