З павагай да мiнулага…

З якой хуткасцю бяжыць час, усё змяняючы на свім шляху. Няпросты перыяд перажывае наша грамадства, у кожнага, каго хвалюе яго будучыня і лёс, у такі час узнікае жаданне трымацца за штосьці трывалае, непарушнае. Такой апорай у чалавека заўсёды застаецца памяць, якая дае сілы прыняць новае, не патраціўшы пры гэтым тое каштоўнае, што назапашана чалавецтвам.
Захавальнікамі памяці заўсёды былі і застаюцца музеі. Для большасці моладзі Беларусі менавіта з музея і пачынаецца грамадзянскае станаўленне. Вы спытаеце: чаму? А таму, што менавіта тут, у музеі, дзеці і моладзь не толькі зрокава, а і сваім унутраным “я” асэнсоўваюць дачыненне да ўсяго, што адбываецца навокал, а словы Радзіма, родны кут, любоў да Айчыны, подзвіг, патрыятызм напаўняюцца новым сэнсам, што ў сваю чаргу моцна ўплывае на выхаванне дастойнага грамадзяніна сваёй краіны.
Прыярытэтаў і асноўных накірункаў гэтага выхавання шмат. Але, пагадзіцеся, любоў да Радзімы, імкненне самааддана служыць свайму народу, захоўваць яго мову, культурную і гістарычную спадчыну, звычаі і традыцыі немагчымы без дасканалага вывучэння роднага краю. Любоў да Радзімы фарміруецца ў ходзе знаёмства з гістарычным матэрыялам, які раскрывае традыцыі беларускага народа, гераічную барацьбу, подзвігі, таленты лепшых сыноў краіны, павагу да іх. І сёння ў значнай ступені музей з’яўляецца тым сродкам, які зможа садзейнічаць нацыянальна-культурнаму адраджэнню беларускага народа праз пазнанне непаўторнасці яго гістарычнага шляху, матэрыяльнай і духоўнай культуры, праз усведамленне яе нацыянальнай каштоўнасці ў суквецці славянскай, еўрапейскай і сусветнай культуры. Менавіта музейная прастора дапамагае закласці аснову для выхавання чалавека – грамадзяніна, гаспадара сваей зямлі, адказнага за вынікі сваей працы і за лёс сваёй краіны.
Якім шляхам ідзе наш музей? Гэта шлях выхавання праз адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці і нацыянальных каштоўнасцей беларускага народа. Кожны куточак на Беларусі захаваў свае адметныя асаблівасці, сваю самабытнасць. Застаецца толькі знайсці і зберагчы гэтыя дары.
Гэта мы і спрабуем зрабіць. Таму сёння, напярэдадні 30-годдзя з дня адкрыцця дзяржаўнай установы культуры “Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей”, усім жыхарам Краснапольскага раёна прапануецца прыняць самы непасрэдны ўдзел у акцыі “Мой падарунак музею”. Падарыце свайму музею маленькую часцінку сямейнай гісторыі, каб яна захавалася ў фондавых і архіўных матэрыялах.
Напярэдадні нашага свята кожны жадаючы зможа ўнесці асабісты ўклад і папоўніць музейную калекцыю прадметамі, якія маюць гістарычную каштоўнасць і перадаць у дар музею старыя фатаграфіі (цудоўна было б 1920—1940-х гадоў), дакументы, рукапісныя або друкаваныя кнігі, значкі, медалі, манеты, прадметы адзення, аксесуары, посуд, дзіцячыя цацкі, прадметы быту, якія захаваліся ад бабуль і дзядуль. Стаўшы музейнымі прадметамі, гэтыя рэчы атрымаюць новы статус і новае жыццё, будуць прадстаўлены на выставах і экспазіцыях. Сярод прадметаў, перададзеных у дар музею, будзе аб'яўлены конкурс па некалькіх намінацыях: «Першы», «Легенда», «Самы старажытны», «Сімвал эпохі», «Рарытэт», «Мемарыяльная рэч». Вынікі конкурсу будуць падведзены пасля правядзення акцыі.
Кожны ўдзельнік акцыі атрымае дыплом дарыльшчыка, найбольш каштоўныя экспанаты будуць адзначаны спецыяльным прызам. Дадатковыя ўзнагароды чакаюць пераможцаў ва ўсіх намінацыях.
У многіх з вас ёсць цікавыя архіўныя матэрыялы, але яны, знаходзячыся ў хатніх скрынях, шафах, паліцах, не выконваюць спаўна сваю змястоўную функцыю: быць повяззю паміж мінулым, сучасным і будучым, даць магчымасць нашай моладзі зазірнуць у мінулае, яшчэ глыбей далучыцца да спадчыны сваіх землякоў-краснапальчан, а вашым родным адчуць пачуццё гонару, што адзін ці некалькі экспанатаў вашай сям’і па праву знайшлі месца на паліцах раённага музея. Ці не гонар гэта?! Пагадзіцеся, так.
Павага да мінулага – гэта надзейны гарант стабільнасці нашага грамадства. І напрыканцы хочацца нагадаць словы нашага славутага земляка А. Пысіна, якія ён пранёс праз усё сваё жыццё і не аднойчы нагадваў сваім сябрам: “Павага да мінулага – вось рыса, якая адрознівае адукаванасць ад дзікунства…”. Паэт з павагай адносіўся да мінулага, да гісторыі і культуры, увогуле, да памяці продкаў і гэтаму вучыць нас, сваіх суайчыннікаў…

ДУК “Краснапольскі раённы
гісторыка-этнаграфічны музей”.

Поделиться с друзьями
250 просмотров